Житель поселка Красный Курган Добрушского района Иван Подрезенко рассказал об истории населенного пункта

Опубликовано чт, 14/02/2019 года - 05:24
Автор статьи

Пасёлку Чырвоны Курган Пераростаўскага сель-савета крыху менш за стагоддзе. Людзі з Новага Крупца пачалі перасяляцца сюды, як кажуць, па ленінскім закліку быць бліжэй да зямлі. Да гэтага на мясцовыя палі за дзень можно было толькі двойчы прывезці гной. А каб пасеяць жыта ці пасадзіць бульбу, выязджаць трэба было ледзь не апоўначы.
– Пасёлкаў было два, – расказвае мясцовы старажыл Іван Падрэзенка. – Чырвоны Курган і Цітава. Людзі ў суседнім пасяленні падабраліся не надта працавітыя. Больш глядзелі на сваю выгаду. Таму ў 1939 іх хаты перанеслі да нас. Найбольш гаспадарлівымі аказаліся стараабрадцы. Адзін з іх, Кузьма Лазарэнка, жыў у канцы вуліцы.
Іван Іванавіч – мясцовы краязнаўца. Уся яго адукацыя – як універсітэты ў Горкага: некалькі класаў школы ды курсы трактарыстаў. З маленства ён цікавіўся гісторыяй, збіраў звесткі пра землякоў, запісваў расказы дзядоў пра вайну і пасляваеннае ліхалецце. Сам ён у пяцігадовым узросце выпрабаваў на сабе акупацыйны рэжым і ледзь не патрапіў у германскае рабства. Вымушаны дапамагаць маці і дзядулі адбудоўваць спалены немцамі дом і аднаўляць гаспадарку, пра далейшую вучобу ён мог толькі марыць. Так і адпрацаваў усё жыццё ў мясцовым калгасе.
– Летам 1941 года бацька напісаў маці, што блізіцца вайна, і параіў перавезці сына з Добруша да бабулі ў пасёлак, – узгадвае суразмоўца. – Ішлі пешшу напрамкі праз Жгунь. Каля пасёлка ў той час была вялізная дуброва. У ёй і ўбачылі савецкія танкі. Здавалася, з такой сілай ніякія немцы не страшныя. Аднак першыя фашысты прайшлі праз Чырвоны Курган ужо праз тыдзень.
Гады акупацыі запомніліся пастаянным голадам. Ваенныя ў пасёлку не спыніліся. З’явілася некалькі паліцаяў. Адзін з іх – Андрэй Дудка – стараўся дапамагаць вяскоўцам. Калі немцы пачалі адбіраць людзей для вывазу ў Германію, ён хадзіў па хатах і тлумачыў: гэтая жанчына хворая, падлеткі страцілі розум... Па яго словах атрымлівалася, што ў пасёлку адны інваліды і жылі. Поўнай супрацьлегласцю Андрэю быў хлопец па мянушцы Фунт, які здзекваўся над людзьмі. Пасля вайны яго затрымалі недзе ў Краснадарскім краі, прывезлі ў Мінск і судзілі.
Пры адступленні фашысты цалкам спалілі пасёлак. Жыхароў пагналі пешшу ў Зябраўку. Іван Падрэзенка ўзгадвае зямлянкі на месцы сённяшняга аэрадрома і калючы дрот па перыметры. Маладых адразу пачалі строіць у калону, старых і дзяцей адводзілі ў бок. Невядома, што было б далей, але ўкраінскія добраахвотнікі ў нямецкай форме, якія прыбылі на станцыю, падказалі дарослым: уцякайце, немцы вамі прыкрывацца плануюць. Людзі адразу пырскнулі ва ўсе бакі.
– У Насовічах усё было ў агні, – расказвае Іван Падрэзенка. – На вуліцах раскіданы бялізна, адзенне, посуд. Такі ж малюнак сустрэў нас і ў пасёлку. Вакол жывёла бегала, каровы раўлі. На вуліцы не засталося ніводнага цэлага дома. Адны пячныя трубы.
Сям’я Падрэзенкаў пачала ўладкоўвацца ва ўцалелым склепе. Пазней кожнай сям’і выдаткавалі дзяржаўны крэдыт у тры тысячы рублёў і цэнтралізавана закупілі за гэтыя грошы невялікія зрубы на два акенцы з маркоўніку. У іх большасць чырвонакурганцаў і жыла да канца 60-х. Бацька Івана пасля вайны і перанесенай у Ленінградзе блакады дамоў не вярнуўся. Палічыў сябе вялікім мастаком і прыслаў жонцы адзіны ліст: маўляў, мне патрэбна наладзіць асабістае жыццё.
– Так і засталіся трое дзетак сіротамі пры жывым бацьку, – уздыхае суразмоўца. – Пазней цётка расказвала пра бацькавы карціны. Казала: не вельмі прывабныя. У асноўным – твары людзей, а вочы на іх – нежывыя.
З маленства Іван дапамагаў маці і дзеду. Вазіў снапы на калгасны двор, пасвіў статак. У 4 гадзіны раніцы ўпотай ішоў на балота, каб хоць на купінах нарыхтаваць сена для каровы.
– Ілгуць, што калгас спецыяльна забараняў людзям мець уласную жывёлу, – упэўнены ён. – Наш “Чырвоны гай” і да вайны быў не надта багаты, а пасля яе і ўвогуле без слёз не глянеш. Кармоў не хапала для агульнага статка, што казаць пра ўласных кароў. Хлявы, што перанеслі з выселак у пасёлак, трымаліся, як кажуць, на чэсным слове. Ды і жывёла ледзь стаяла на нагах. Адкуль узяцца надоям і прывагам?
Іван Падрэзенка ўзгадвае, як з сябрамі ў першыя гады пасля перамогі ездзіў у Гомель па хлеб. У абласным цэнтры на будоўлі працаваў яго дзядзька. Аднойчы ён перадаў родным салёны селядзец і нейкія ягады. Смак той рыбы Іван Іванавіч помніць і сёння. Закрыўшы вочы, сцвярджае: такая смачная была, еў бы і еў...
Размяняўшы дзявяты дзясятак, чырвонакурганец і сёння не можа жыць без працы на зямлі. Свае 37 сотак апрацоўвае ўласным мотаблокам. Магчыма, кажа, і не патрэбна яму столькі гародніны, але як пакінуць зямлю без догляду? Па той жа прычыне трымае і некалькі сем’яў пчол. У вёсцы, лічыць ён, бедна будзе жыць толькі лянівы. У руплівага ды працавітага ў доме заўсёды дастатак будзе.
Сяргей ВОЛЬГІН
Фота Яўгена УСЦІНАВА