“Зажынкі” ў Крупцы далі старт масаваму жніву ў раёне

Опубликовано ср, 10/07/2019 года - 17:00
Автор статьи

Сёлета права  афіцыйнага адкрыцця сезону ўборкі хлеба выпала аграрыям сельгаспрадпрыемства “Крупец”. Адно са старэйшых земляробчых святаў сабрала на мехдвары гаспадаркі герояў дня – камбайнераў і шматлікіх гасцей. На свята першага снапа завіталі прадстаўнікі ўлады раёна, грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, райкама БРСМ, прафсаюзныя лідары і ідэалагічны актыў. Шчырымі хлебнымі песнямі праводзілі камбайнераў на добрую працу салісты ансамбля народнай песні “Сударушка”.
 

– Уборачная кампанія не бывае лёгкай. Нямала выпрабаванняў давядзецца тпераадолець і сёлета. Вы – лепшыя з лепшых, на вас робіцца стаўка, – у віншаванні першы намеснік старшыні райвыканкама Яўген Ігнаценка звяртаўся не толькі да камбайнераў “Крупца”, але і да ўсіх хлебаробаў раёна.
 

Ва ўборачную кампанію ўключыліся ўсе гаспадаркі раёна. Камбайны ў полі робяць пробныя пакосы, першае зерне паступае на зернетакі. Па стане на 10 ліпеня  ўбрана 1800 гектараў, намалот складае амаль 22 цэнтнеры з гектара. Усяго ж плануецца абмалаціць каля 20 тысяч гектараў пасеваў зерневых.