Воспитанников приюта Добрушского СПЦ приехали поздравить представители организаций и предприятий района

Рубрика:

Восем пар дапытлівых вачанят з-пад капялюшыкаў карнавальных касцюмаў разглядаюць шматлікіх гасцей, якія прыехалі ў прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра. У кожным поглядзе – цікавасць да ўсяго, што адбываецца каля ўпрыгожанай навагодняй ёлкі. Большасць з іх сямейнае свята сус­трэне ў прытулку.

У госці да дзяцей завіталі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

– Сярод іх – нашы пастаянныя памочнікі, падтрымку якіх мы адчуваем штогод. Дэлегацыя сельгаспрадпрыемства “Красная Буда” першай прыехала, каб павіншаваць дзяцей з Новым годам. На чарзе – візіт прадстаўнікоў  “Калінінскага”. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў падарыла білеты на святочнае прадстаўленне.  А райваен­камат, работнікі цэнтра банкаўскіх паслуг Беларусбанка, райкам БРСМ і іншыя загадзя патэлефанавалі, каб даведацца, што неабходна дзецям, – адзначае кіраўнік установы Галіна Краўчук.

Пастаянныя госці прытулку – школьнікі з Кармы. Пакуль юныя гледачы з нецярпеннем чакаюць, які сюрпрыз ім падрыхтавалі на гэты раз госці, у суседнім памяшканні разгортваюцца не менш важныя падзеі. Рабяты рыхтуюцца прадставіць на суд гледачоў своеасаблівую прэм’еру – навагодні спектакль, насычаны прыгодамі.  Некаторыя артысты крыху старэйшыя за маленькіх гледачоў. У пастаноўцы ўдзельнічаюць рабяты з 2 па 9 класы.

У святочным карагодзе з казачнымі персанажамі і навагоднім чараўніком непрыкметна праляцеў час. Трымаючы ў руках па тры пакункі з цукеркамі, рабяты развітваліся з гасцямі. На развітанне – вершы для Дзядулі Мароза, фота на памяць – і віншавальны картэж рушыў у адваротны шлях, пакінуўшы пасля сябе пачуццё надыходзячага свята і салодкі смак цукерак.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА