В Жгуни Добрушского района освятили поклонный крест

Опубликовано вт, 28/09/2021 года - 16:30
Автор статьи

Малітвай за здароўе родных, суседзяў і аднавяскоўцаў распачалася цырымонія асвячэння паклоннага крыжа пры ўездзе ў аграгарадок. Па закліку сельвыканкама ў гэты дзень на скрыжаванні сабраліся вучні старэйшых класаў мясцовай школы, жыхары вёскі.

– Задумка ўсталяваць на ўсіх уездах у вёску такія крыжы ўзнікла даўно, – расказвае кіраўнік Жгунскага сельскага Савета Аляксандр Гуцаў. – Дзякуй раённай уладзе за разуменне, а аднаму з прыватных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў – за дапамогу ў вырабе крыжоў. Са старажытнасці лічылася, што яны – не толькі напамін падарожніку, што тут жывуць вернікі. Спадзяюся, крыж абароніць вёску ад хвароб, нядобрых людзей, пажараў.

Аб тым, што крыж – не толькі сімвал праваслаўя, але і духоўны шчыт ад ворагаў бачных і нябачных, прысутным расказаў і настаяцель мясцовага храма іерэй Іаан.

– Невыпадкова ўсталявалі яго ў дзень свята Узвіжання Сумленнага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга, асвяцілі – у гадавіну дня вызвалення Жгуні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – адзначыў святар. – І гэта – знак, што справа наша неабходная.

Напрыканцы мерапрыемства старэйшына аграгарадка Леанід Радкевіч расказаў школьнікам, што фашысты пакінулі пасля сябе на месцы Жгуні, як аднаўлялася вёска. Ён заклікаў ніколі не забываць тыя падзеі і зрабіць усё магчымае, каб слова «вайна» не прагучала з вуснаў дзяцей.

Фота аўтара

Теги