В редакции «Добрушскага краю» вспомнили, чем радовали читателей в уходящем году

Рубрика:

Не зусім звычайны ліст атрымала рэдакцыя на мінулым тыдні. З пасёлка Фаніпаль. Адрасант – наша зямлячка Тамара Шаўчэнка. Некалі яна працавала ў добрушскім вучылішчы, актыўна супрацоўнічала з раёнкай, дасылала нам цікавыя інфармацыі і матэрыялы. Ужо не адзін год жыве на Міншчыне, але, гэта дакладна вядома, па-ранейшаму актыўна цікавіцца навінамі раёна. “У канцы лета даведалася, што цяпер “Добрушскі край” можна атрымліваць у любым куточку Беларусі, – піша жанчына. – Падпісалася на паўгода. Дасылаю падпісную квітанцыю, каб паўдзельнічаць у рэкламнай акцыі “Добрушскага краю”. Можа, удача мне ўсміхнецца…”. У працяг – навагоднія пажаданні газетчыкам.

Дарэчы: гэта далёка не адзінае цёплае пасланне, што ў пісьмовым і вусным варыянтах у гэтыя пераднавагоднія дні атрымліваюць супрацоўнікі “ДК”. Дзякуй іх аўтарам за ўвагу. Яна пераконвае: журналісцкі хлеб ядзім не дарэмна.

Насамрэч, для гэтай перадсвяточнай размовы, словамі вядомага шлягера спевака Ігара Мікалаева, ёсць пяць прычын. А мажліва і больш. Як і ў кожнага з вас, чытачоў “ДК”, у газетчыкаў навагоднія чаканні традыцыйна суправаджаюцца падсумоўваннем набыткаў адыходзячага года, мадэляваннем новых планаў. Паспрабуем напярэдадні самага любімага народнага свята асэнсаваць разам пройдзены шлях даўжынёй у год. З вамі, нашымі найлепшымі дарадцамі і сябрамі, чыю падтрымку мы, газетчыкі, выразна адчувалі ўвесь гэты час.

Надзвычай удзячны, што вы, не важна як – па тэлефоне, у лістах ці пры асабістых стасунках з журналістамі – былі гранічна шчырымі і заўсёды адкрытымі да дыялогу. І пры традыцыйных экспрэс-апытаннях па хвалюючых жыццёвых тэмах. І ў сустрэчах з журналістамі падчас рэалізацыі нашага праекта “Деревенька моя”, што атрымаў шырокі станоўчы рэзананс сярод чытачоў. І нават у просьбах аб дапамозе ў вырашэнні той ці іншай праблемы, звернутых да рэдакцыі. Удзячныя, што заробленым розумам і мазалём рублём вы зноў галасуеце за працяг сяброўства з раёнкай. Да слова, ход бягучай падпісной кампаніі даказвае, што не сотні – тысячы жыхароў Добрушчыны ў моры друкаваных выданняў жадаюць бачыць сваёй настольнай кнігай, дакладней, настольнай газетай, менавіта “Добрушскі край”. Ганарымся падпісчыкамі з Леніна, іх прыкметна прыбавілася ў параўнанні з мінулагоднім. Пабольшала сяброў выдання ў Жгуні, Ігаўцы, сярод камунальнікаў і медыкаў, у некаторых іншых калектывах. Больш за 200 нашых старых і новых сяброў, выдаўшы мандат даверу раённым газетчыкам на паўгоддзе 2018-га, прадаставілі ўжо ў рэдакцыю падпісныя квітанцыі – своеасаблівыя пропускі да ўдзелу ў рэкламнай акцыі сярод падпісчыкаў. Нехта спяшаецца гэта зрабіць у бліжэйшыя некалькі дзён да завяршэння падпіскі.

Нагадаем: пыласос, прас, міксер, фен і напольныя вагі чакаюць сваіх шчаслівых уладальнікаў. Вызначым самых удачлівых з вас пасля навагодніх святаў у студзені. Тым не менш, хочам заспакоіць астатніх: і тыя, каму ў гэты раз не ўсміхнецца прызавая ўдача, у пройгрышы не застануцца. Па-першае, газета – са свежымі навінамі і цікавымі матэрыяламі будзе рэгулярна ў новым паўгоддзі завітваць у ваш дом ці кватэру. Па- другое, увесь наступны год вы зможаце жыць, звяраючы сваю штодзённую хаду па насценным календары “Добрушскага краю”. Менавіта такі прыгожы ўкладыш-падарунак у якасці бонуса рэдакцыя падрыхтавала ўсім, хто аформіць падпіску на 2018 год.

У багажы набыткаў адыходзячага года, вядома ж, не толькі выпускі “Деревенькі…”, экскурсы ў гісторыю са “Старым альбомам”, паглыбленне журналістаў у “нетры” іншых прафесій, дапамога друкаваным словам у вырашэнні бытавых і вытворчых праблем, пытанняў добраўпарадкавання. Плёнам намаганняў калектыву рэдакцыі і крэатыўнага падыходу кіраўніцтва філіяла №10 “Гомельаблаўтатрансу” на вуліцах Добруша з’явіўся “фірменны” аўтобус з атрыбутыкай “Добрушскага краю”. Больш таго, дзясяткам гараджан тыдзень таму назад удалося стаць удзельнікамі наладжанага рэдакцыяй пераднавагодняга рэкламна-музычнага флэшмоба на колах. У якасці яго галоўных персанажаў – Дзеда Мароза і Снягуркі – выступілі журналісты выдання. Прызнаемся, дарагога каштуе, калі на трэцім-чацвёртым прыпынку маршрута ўваходзячых у салон сустракаў дружны хор з пасажыраў і ўдзельнікаў акцыі, што выконвае вядомае з маленства “У леса на опушке…”, “Если с другом вышел в путь”, “Ой, мороз, мороз…” і іншыя напоўненыя дабрынёй мелодыі…

Не станем стамляць, распавядаючы пра задумкі і праекты, якія будзем рэалізоўваць у 2018-м. Заўважым толькі: разам з вамі, шаноўныя чытачы, мы адолеем многае і шмат чаго зможам. Таму ў надыходзячым годзе мы, газетчыкі, як і раней, ставім на дружбу і плённае супрацоўніцтва з чытачамі “ДК”.

Міхаіл Жванецкі неяк сказаў: не заўсёды мудрасць прыходзіць з узростам, іншым часам узрост прыходзіць адзін. Перафразуючы выказванне сатырыка ў гэтыя фінішныя дні падпіскі, носім спадзяванне, што ў ваш дом, шаноўныя сябры, новы год не прыйдзе адзін. Без вашага “Добрушскага краю”…

Мікалай ЖДАНОВІЧ,

галоўны рэдактар газеты “Добрушскі край”