В полуфинале конкурса "Мисс Беларусь-2020" добрушанка представит область и район

Опубликовано сб, 21/03/2020 года - 18:00
Автор статьи

Дабрушанка Марына Курачкіна прадставіць вобласць і раён у паўфінале конкурсу “Міс Беларусь-2020”. Яна – у ліку 17 самых прывабных дзяўчат Гомельшчыны, якія прайшлі адбор на рэгіянальным узроўні.

Дата паездкі ў Мінск пакуль невядома, але падрыхтоўку да галоўнага кастынгу Марына не пакідае на апошні момант. Планаваць усё загадзя, маральна настройвацца на спаборніцтва з іншымі ўдзельніцамі – моцная рыса яе характару. Менавіта яна дазволіла дзяўчыне паспяхова скончыць у мінулым годзе Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Не ўзнікла ў яе праблем і з выкананнем абавязкаў спецыяліста па ідэнтыфікацыі, гэту пасаду яна займае ў сельгаспрадпрыемстве “Крупец”.

– Абнаўленне базы даных пра жывёлу – задача нескладаная. Яно праводзіцца, у асноўным, на камп’ютары, – патлумачыла прыгажуня ў размове з журналістам “ДК”. – Пры неабходнасці разлічваю і на дапамогу вопытных спецыялістаў.

Пра тое, што маладая калега прэтэндуе на карону каралевы прыгажосці Беларусі, у калектыве ведаюць адзінкі. Сціпласць, лічыць Марына, якраз і робіць дзяўчыну прывабнай. А ідэальны для мадэлі рост 174 сантыметры і іншыя гламурныя параметры, па яе меркаванні, – падарунак прыроды.

– На кастынгу ў Гомелі было больш за 120 удзельніц, кожная з якіх па-свойму адметная, – расказвае Марына Курачкіна. – Праўда, толькі каля 20 дзяўчат журы адабрала для заключнага этапу.

Дэфіле ў купальным касцюме ў дабрушанкі не выклікала асаблівых хваляванняў. Грацыёзна хадзіць на высокіх абцасах яна навучылася падчас удзелу ў студэнцкіх конкурсах прыгажосці. Такі абутак носіць і ў звычайным жыцці. Больш складана, кажа дзяўчына, зрабіць запамінальнай сваю “візітку”. Добрае валоданне некалькімі замежнымі мовамі стала той самай фінішнай ноткай, што скарыла журы. Адказы Марыны па-французску прыемна ўразілі яго членаў.

Якія пытанні зададуць на паўфінальным кастынгу ў Мінску, прадбачыць немагчыма. Аднак падабраць неабходныя для дэфіле вячэрнюю сукенку і аксесуары можна ўжо зараз. Марына прызнаецца: спыніла выбар на двух варыянтах. Якіх – сакрэт…

Теги