В Добрушском районном краеведческом музее открылась выставка иконописца Василия Калинина

Рубрика:

Наколькі шмат ёсць цікавых работ у жанры сучаснага іконапісу, пераканаліся наведвальнікі выставы Васіля Калініна. Днямі яна адкрылася ў карціннай галерэі раённага краязнаўчага музея. Для добрушскага мастака гэты вернісаж – першы. Да свайго дэбюту ён рыхтаваўся не адзін год.

Сярод гасцей, што прыйшлі павіншаваць майстра з адкрыццём персанальнай выставы, родныя і знаёмыя Васіля Пятровіча, былыя калегі, прадстаўнікі савета ветэранаў, царквы, школьнікі. Старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Зыль расказала гасцям аб найбольш цікавых момантах біяграфіі мастака. Асабістым падзяліўся і сам аўтар.

– Пісаў такія работы падчас службы ў органах унутраных спраў, аднак сапраўднае задавальненне ад іх стварэння атрымліваю цяпер, калі выйшаў на пенсію. Пакуль працую – мяне не існуе. Не ем, не сплю... Закончыўшы, адчуваю стомленасць. Але ўсё гэта кампенсуецца пачуццямі.

Дарэчы, у мастака свая “тэхналогія”, работы піша не пэндзлікам, а пальцамі. Можа таму, усміхнуўся аўтар, на іх амаль сцерліся падушачкі.

На палатно аўтар пераносіць не проста фарбу, а асаблівы стан душы. Таму на ім з’яўляюцца адухоўленыя лікі святых. На людзей глядзяць вобразы Хрыста, Мікалая Цудатворцы і іншых, да каго з просьбамі звяртаемся ў малітвах. Некаторыя з гасцей вернісажу імкнуліся перахрысціцца перад выявамі. Настолькі набліжаны яны да арыгінала.

– Некаторыя з іх у поўнай меры можна назваць іконамі, – адзначыў іерэй Аляксій. – Хоць для напісання ікон існуе нямала канонаў. Напрыклад, у ёй не павінна быць ценяў.

Адну з карцін, з выявай ліку Мікалая Цудатворцы, мастак падарыў раённаму краязнаўчаму музею. Пасля асвяшчэння яе ў храме святога Благавернага князя Алега Бранскага цяпер гэта ікона дапамагае людзям.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА