В Добрушском районе выбрали ученика года

Рубрика:

Фінал штогадовага конкурсу адбыўся днямі ў гарадской гімназіі.

– Конкурс праходзіць у шосты раз. Сёлета ён адметны тым, што большасць фіналістаў – вучні вясковых школ, – заўважыла старшыня журы, загадчыца райметад кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Лапіцкая.

Кожнага з пяці прэтэндэнтаў на тытул “Вучань года” чакала нялёгкае выпрабаванне.

У візітоўцы рабяты паведамілі пра свае захапленні і жыццёвыя каштоўнасці. І хоць усе прадстаўленні былі рознымі па форме, аказалася, што галоўнымі для кожнага з’яўляюцца бацькі, сябры і малая радзіма. Шмат цёплых слоў прысвяцілі роднай вёсцы насаўлянка Галіна Румянцава, ігаўчанін Даніла Саксонаў і іншыя ўдзельнікі фіналу. Аднак калі ў гэтым конкурсе рабяты маглі спадзявацца на дапамогу настаўнікаў, у інтэлектуальным выпрабаванні разлічвалі толькі на сябе.

Больш за 30 пытанняў па матэматыцы, літаратуры і іншых прадметах прымусілі  задумацца. Хваляыанне сказвалася: адна з удзельніц не пазнала радкі з “Мухі Цакатухі”. Іншыя адказвалі на складаныя пытанні. Напрыклад, пра дзяржаўныя мовы, якія існавалі ў Беларусі ў 1920-х гадах.

Відовішчным атрымаліся творчыя замалёўкі аб прадстаўніках розных прафесій. Каб зрабіць выступленні незабыўнымі, фіналісты заклікалі на дапамогу сваіх аднакласнікаў. Як нараджаецца хлеб, расказалі рабяты з Леніна. Прафесіі пажарнага прысвяціў выступленне дабрушанін Іван Кулік. Самымі высокімі баламі журы адзначыла выступленне ігаўчан. У іх “Парадзе прафесій” былі прадстаўнікі самых папулярных спецыяльнасцей.

Дыпломы ўдзельнікаў і падарункі ад аддзела адукацыі атрымалі ўсе фіналісты. А кубак і тытул “Вучань года” па суме набраных у конкурсах балаў дастаўся Івану Куліку з гімназіі. Дарэчы, у гісторыі правядзення конкурсу прадстаўнік гарадской гімназіі становіцца “Вучнем года” трэці раз.

Барацьба за тытул атрымалася сапраўды напружанай.Усяго некалькіх балаў не хапіла да перамогі ігаўчаніну Даніле Саксонаву. Журы не пакінула без увагі мару пераможцы прадоўжыць сямейную дынастыю і стаць выратавальнікам. Акрамя кубка з памятным надпісам Іван атрымаў сертыфікат на пашыў формы. А кожны з настаўнікаў, які выхаваў вучня-фіналіста, атрымаў грашовы сертыфікат ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота аўтара