В Добрушском районе в разгаре уборка рапса

Опубликовано вт, 07/07/2020 года - 15:46
Автор статьи

Пад рапс у раёне адведзена больш за 2,5 тысячы гектараў. У большасці гаспадарак раёна распачалася масавая ўборка гэтай культуры. Намалот на раніцу аўторка ўжо склаў большл за 900 тон. Больш чым на чвэрць гэта культура ўбрана на палетках “Крупца”, “Уцеўскага”, агракамбіната “Новы шлях”.

Экватар на ўборцы рапсу перасягнулі ў сельгаспрадпрыемстве “Калінінскі”. У тым,  што сёлетняе жніво будзе няпростым, упэўніліся з першых яго дзён. У гаспадарцы падлічылі: нагрузка на адзін камбайн – каля 100 гектараў плошчаў.

– Марудзіць нельга, –  канстатуе галоўны аграном Данііл Рудзянок. – Хоць зрэдку і трапляюцца зеленаватыя ўчасткі, вырашылі не чакаць, пакуль расліны даспеюць. Рапс – культура складаная. Упусціш момант – ён асып­лецца. Набранымі тэмпамі справімся прыкладна за тыдзень.

Першы ўборачны агрэгат на палеткі “Калінінскага” выйшаў у мінулы чацвер. Хутка да камбайнера Аляксандра Белаусава далучыліся  яшчэ чатыры экіпажы.

Зладжаным дуэтам ужо тры сезоны працуюць Пётр Самойленка і Андрэй Варганаў. Вынікамі абодва задаволены. Ветравое шкло камбайна ўпрыгожваюць некалькі вымпелаў “Лідар жніва”.

– Па колькасці іх можна падлічыць, колькі намалацілі. За кожную тысячу атрымліваем, – кажа Пётр Самойленка. – Без памочніка ў поле не выеду. На ім усё абслугоўванне камбайна трымаецца.

У актыве дуэта – ужо больш за 100 тон зерня. Зернеўборачны камбайн, на якім Пётр Самойленка шчыруе на палетках ужо 11-ты сезон, яны перабралі да апошняга вінціка. Камбайнер упэўнены: гэта гарантыя таго, што тэхніка не падвядзе ў адказны момант.

– Заўважыў: больш паломак тэхнікі здараецца падчас сезона ўборкі кукурузы на зерне, – расказвае камбайнер.

Працы ў сельскай гаспадарцы Пётр Самойленка прысвяціў не адно дзесяцігоддзе. Гледзячы на апошнюю няскошаную палоску рапсу, заўважае: зерне ў самым саку.

Пераростаўскі аграрый з нецярпеннем чакае ўборкі каласавых. Некалі на жніве ён паставіў асабісты рэкорд: за дзень намалаціў 128 тон зерня. Сёлета чакаюцца новыя вяршыні.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА