В Добруше вспомнили прославленного поэта-земляка Павлюка Пронузу

Рубрика:

Багатая на таленты добрушская зямля. Тут нарадзіліся, зрабілі першыя крокі да грамадскага прызнання вядомыя пісьменнікі, мастакі, майстры народнай творчасці…  У кагорце першых – наш зямляк, паэт Паўлюк Прануза, з дня нараджэння якога нядаўна споўнілася сто год.  Надзвычай сімвалічна, што з гэтай адметнай нагоды наладзілі ў зале дзіцячай бібліятэкі пасяджэнне члены літаратурна-паэтычнага клуба “Натхненне”.  У ліку запрошаных на яго была і родная пляменніца Паўла Кузьміча Таццяна Міроненка ( у дзявоцтве – Марыкава).

– Чалавек гэты быў  для мяне пры жыцці і застаецца ў памяці  вось ужо дзесяць год пасля адыходу ў нябыт, не інакш як дзядзька Павел. Чулы, добры, спагадлівы, – дзеліцца думкамі Таццяна Міроненка. – Таму я была вельмі кранута ўвагай і добразычлівымі адносінамі да асобы пісьменніка з боку членаў клуба, у прыватнасці, вядучай сустрэчы Людмілы Яськовай. Яна прайшла ў цёплай атмасферы. Удзельнікі чыталі вершы Паўлюка Пранузы, згадвалі адметныя вехі яго жыцця,  малую радзіму творцы – зруйнаваную пасля Чарнобыля вёску Вылева, дзе жыў будучы пісьменнік да 13 год. Добрыя словы ў адрас пісьменніка выказалі паэтэса Таццяна Свірыдзенка, кранаюча ў памяць аб Паўлюку Пранузе прагучалі мелодыі добрушскага барда Аляксея Скачкова. Думкамі і творамі падзяліліся з удзельнікамі літаратурнай дзеі фотамастак і паэт Віктар Макаранка, літаратар з Гомеля Галіна Рагавая і мастак-афарміцель Надзея Рэпіна.

Каб прадоўжыць адукацыю сына, яго бацькі пераехалі ў Добруш. Тут Павел паспяхова закончыў школу, па-сур’ёзнаму захапіўся літаратурай, свет убачылі яго першыя паэтычныя экспромты. Немалы ўплыў на развіццё таленту юнака зрабіла яго настаўніца рускай мовы і літаратуры. Невыпадкова свой далейшы шлях Паўлюк таксама звязаў з настаўніцтвам.

А потым – была вайна. Яна  абарвала лепшыя планы маладога дабрушаніна. Паўлюк Прануза стаў зенітчыкам. Не за страх, а за сумленне змагаўся з ворагам, дайшоў да логава фашыстаў – Берліна. Ратны шлях земляка Радзіма адзначыла ордэнамі Айчыннай вайны 2-ой ступені, Славы 3-яй ступені, медалямі. Але нават у перыяды зацішша  паміж баямі, у акопе і на прывалах Паўлюк Прануза даставаў з паходнага мяшка аловак і заносіў у блакнот прасякнутыя болем і любоўю да роднага кутка зямлі радкі. Яны лягуць пазней у аснову твораў вершаваных зборнікаў “Рукі салдата”, “Памяць, памяць…”.

Урэшце Павел Кузьміч змяніў салдацкую вопратку на цывільны касцюм настаўніка. Выкладаў родную мову і літаратуру ў Нясвіжскім педвучылішчы. Паралельна актыўна супрацоўнічаў з  мясцовымі і рэспубліканскімі газетамі. У гэты час у жыцці пісьменніка адбылася важная падзея: ён сустрэў сваю спадарожніцу жыцця – ураджэнку Добруша Таццяну Марыкаву. Яна стала добрым дарадцам, надзейным тылам і літаратурнай музай Паўлюка Пранузы.  Трывалым цэментам у сямейным падмурку сталі дзве дачкі – Вера і Алена. Неўзабаве таленавіты паэт быў прыняты ў члены пісьменніцкага саюза.

Многім вядома, што наш Добруш часта называюць малой Венецыяй – з-за вялікай колькасці мастоў і  маляўнічых прыродных куточкаў. Гэтыя мясціны сваім паэтычным словам не раз апяваў Паўлюк Прануза. Вось радкі аднаго з вершаў:

Па прыступках гадоў я ўзнімаўся высока.

Помню Іпуць, луг росны, у цвеце сады.

Вёска Вылева, Добруш былі мне вытокам,

Што жывілі мае маладыя гады…

– А яшчэ вядома, што мой дзядзька Павел вельмі любіў дзяцей, у творчай скарбонцы пісьменніка – мноства выдатных дзіцячых вершаў, – распавядае пляменніца паэта Таццяна Міроненка. – Мяркую, было б нядрэнна, калі б імя Пранузы з цягам часу стала насіць мясцовая дзіцячая бібліятэка.

Мікалай ЖДАНОВІЧ

На калектыўным здымку: Паўлюк Прануза ў верхнім  радзе – першы злева Фота з сямейнага архіва Таццяны Міроненка