В Добруше в школы и сады поступило тепло

Рубрика:

З мінулай суботы на Гомельшчыне пачалі ўключаць ацяпленне на аб’ектах сацыяльнай галіны: дзіцячых садках, школах і медыцынскіх установах. Не стаў выключэннем і Добрушскі раён.

– Ранкам у аўторак непадключанымі засталося ўсяго каля 8 працэнтаў аб’ектаў сацыяльнай галіны раёна, – расказвае галоўны інжынер “Добрушскага камунальніка” Дзяніс Сазонаў. – Сёння батарэі пацяплеюць ва ўсіх школах і садках.

Па словах спецыяліста, такі адносна працяглы тэрмін падключэння – тэхналагічная норма.  Для запуску большасці ацяпляльных агрэгатаў, такіх, як, напрыклад, шасцімегаватны кацёл ДКВР, патрэбна да пяці рабочых дзён.

– Спраўляемся аператыўна, – сцвярджае суразмоўца. – І усё дзякуючы добрай падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона. Выкананы рамонт цеплатрас, праведзены выпрабаванні абсталявання, назапашана паліва. Дарэчы, у гэтым годзе да нарыхтоўкі дроў падышлі адказна: іх назапашана больш за 100 працэнтаў ад неабходнага. Пабудавана некалькі новых навесаў для захавання шчапы, ячшэ два ўзялі ў арэнду. Чым сушэй паліва, тым большую цеплааддачу яно дасць.

 Адзін з прыкладаў гаспадарчага падыходу да ацяпляльнага сезона – кацельня паблізу гарадской СШ №5. Здалёк бачны вялікія штабелі дроў. Асобна пад навесам ляжаць раскрыжаваныя бярвенні. Машыніст-качагар Павел Самсонаў (на здымку) тлумачыць: гэтыя 200 кубаметраў – недатыкальны запас на выпадак рэзкага пахаладання. Пакуль у ход ідуць “свежыя” дровы.

– Мінулы ацяпляльны сезон быў сапраўдным выпрабаваннем, – дзеліцца ён. – Такога запасу паліва ля кацельні не было. Драўніна адпраўлялася ў топку адразу пасля прывозу яе з лесу. Сырой або мокрай. Таму і спалілі каля 800 кубічных метраў дроў. Сёння усё кардынальна змянілася.

Кацельня, дзе працуе Павел, дае цяпло ў дзіцячы садок і школу, адміністрацыйны будынак “Добрушскага камунальніка”. Пакуль слупок тэрмометра трымаецца на адзнацы вышэй за 13 градусаў, кацёл працуе ў пратопачным рэжыме. Ноччу яго пераводзяць на звычайны. Пасля ўстанаўлення адмоўных тэмператур будзе запушчаны дадатковы кацёл.

– А ў кватэрах чакаць цяпла ў бліжэйшыя дні не варта, – дадае Дзяніс Сазонаў. – Па нарматывах ацяпленне ў жылым фондзе ўключаюць толькі пры сярэднясутачнай тэмпературы плюс 8 і ніжэй, якая будзе захоўвацца на працягу не менш як пяць сутак. На гэтым тыдні сіноптыкі такога пахаладання не прагназуюць.

Сяргей ВОЛЬГІН

Фота Яўгена УСЦІНАВА