В Добруше стартовала акция "Чудеса на Рождество"

Опубликовано чт, 13/12/2018 года - 14:10
Автор статьи

Калядная ёлка з незвычайнымі ўпрыгожаннямі з’явілася днямі ў магазіне “Еўраопт” у Добрушы. Чырвоныя рукавічкі адлюстроўваюць жаданне атуліць клопатам тых, хто мае ў ім патрэбу. У кожнай з іх схавана дзіцячая мара. Для кагосьці гэта машынка, для іншых – набор доктара, цукеркі... Здзейсніць жаданне можа кожны. У раёне стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя “Цуды на Каляды”.

– Традыцыйнае мерапрыемства арганізуе райкам БРСМ, – адзначыла першы сакратар маладзёжнай арганізацыі Таццяна Савельева. – Усе дзеці, якія маюць асаблівую патрэбу ў дапамозе, атрымаюць падарункі. У мінулым годзе, напрыклад, кожнаму выхаванцу прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра падарылі наборы цукерак.

Актывісты БРСМ у абліччы галоўных навагодніх персанажаў запрасілі дарослых паўдзельнічаць у марафоне дабрыні.

– Дзеці чакаюць цудаў, – упэўнена шматдзетная маці Вольга Шустава. – Сама выхоўваю чацвярых. Яны не просяць многа. Ляльку, мячык, кніжку. Надыход новага года заўсёды звязаны ў нас з цудамі. Стараемся дапамагчы ім паверыць, што яны збываюцца. І ў такія моманты прыгадваю дзяцей, якія выхоўваюцца без бацькоў. Напэўна, і я зніму адну рукавічку з гэтага дрэва жаданняў.

Пакуль на ёлцы – дванаццаць запісак. Усе яны ад выхаванцаў прытулку СПЦ. Над тым, што хацелі б атрымаць у падарунак, яшчэ думаюць рабяты з прыёмных і некаторых шматдзетных сем’яў. Хутка, заўважаюць арганізатары, на ёлцы з’явяцца новыя рукавічкі.

– Жаданні дзяцей размешчаны таксама ў Інтэрнэце. З імі можна бу­дзе пазнаёміцца ў групе “Моладзь Добруша”. А ёлка хутка пераедзе ў чарговае месца правядзення акцыі – фае прафесійнага політэхнічнага ліцэя. Тыя, хто адкрыў сэрца дабрыні, змогуць пакінуць падарункі там.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

На здымку: двухгадовая Женя Строган з навагоднімі чараўнікамі

Фота Яўгена УСЦІНАВА