В Добруше прошел республиканский субботник

Пасля мінулай суботы Добруш стаў больш зялёным. Яркіх фарбаў дадалі ўдзельнікі рэспубліканскага суботніка. Па папярэдніх звестках, на аб’ектах яго працавалі 10 693 чалавекі.

– Такое ўражанне, быццам на вуліцы выйшла палова жыхароў горада! – сустрэла журналістаў “ДК”  па дарозе да цэнтральнай плошчы мясцовая пенсіянерка. – Была б маладзейшай, сама ўзялася б за граблі.

Смецця на схілах Іпуці за мінулыя восень і зіму пакінута шмат. Работнікі райвыканкама яго прыбралі. Памылі і пафарбавалі бардзюр уздоўж праезнай часткі. 

Каля гарадскога Дома культуры “Меліяратар” таксама шматлюдна. І весела. Пад гукі “Ламбады” работнікі ўстановы і іх калегі з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённага Палаца культуры рыхтуюць клумбы пад пасадкі  кветак, аздабляюць месцы для дэкаратыўных елачак і туй. Выканана і значная работа па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. Сцежкі з тратуарнай пліткі, альпійская горка, металічныя канструкцыі для падвясных кашпо “дыхаюць” навізной.  Дырэктар ГДК Людміла Сямак пацвярджае:

– За навядзенне парадку ўзяліся, як толькі сышоў снег. Але наперадзе яшчэ шмат спраў. Сёння, напрыклад, плануем аформіць “Казачную паляну” перад уваходам у трэнажорную залу.

Рокат матора абвясціў: драўляныя скульптуры, сярод якіх ёсць і вырабы мясцовых майстроў, у прыватнасці, Валерыя Мінкова, прыбылі да месца. На справе аказалася: груз каштоўны, але цяжкі. Некалькі секунд на разважанне – і Аляксей Кузьмічоў з калегам Андрэем Кульбенкам акуратна знімаюць дубовую фігуру рысі з каўша трактара. На чарзе – Дзед, Бабка, Курка Раба…

“З пэндзлямі ў руках, а не мастакі”, – загадку прыдумалі, заўважыўшы на вуліцы Фрунзе шматлікую групу. Аказалася: “Добрушскі камунальнік” на суботнік выйшаў усім калектывам. Задача аддзела капітальнага будаўніцтва – пафарбаваць металічную агароджу ўздоўж участка дарогі. “Першапраходцы”-мужчыны пазбаўляюць канструкцыю ад старога пакрыцця, маляры-жанчыны робяць яе чырвона-зялёнай.

Наступны аб’ект суботніка амаль побач. Сквер каля фарфоравага завода падаўся патанаючым у сонечных промнях. Такі эфект ад ярка-жоўтых элементаў спартыўнага гарадка і зялёных лавак.

– Заўсёды падтрымліваю такія мерапрыемствы, – кажа работнік рамонтна-будаўнічага цэха прадпрыемства Яўген Бадэка. – Тым больш, што стараюся і для сябе. Кожны вечар прыходжу да турніка. Месца папулярнае і сярод дзяцей. У двары майго дома, напрыклад, нават дзіцячай пляцоўкі няма. Лічу, што зрабіць прыгажэйшым месца адпачынку завадчан і жыхароў мікрараёна – задумка добрая. Калі б яшчэ дарожкі  пліткай выкласці…

Інжынер-будаўнік Зоя Дарафеева салідарная з калегам: пляцоўкі, дзе дабрушане праводзяць вольны час, павінны быць прыгожымі і бяспечнымі. Але, лічыць субяседніца, ёсць і іншыя месцы ў горадзе, на якія трэба звярнуць увагу. У ліку іх – прыпыначныя павільёны на вуліцы Фрунзе. Праўда, у час суботніка іх часткова адрамантавалі.

Тое ж самае датычыцца і металічнай агароджы ўздоўж плаціны. Неаднойчы яна вытрымлівала ўдары ног прахожых, некаторыя секцыі так і засталіся крывымі або наогул адсутнічаюць. Удзельнікі суботніка яе падфарбавалі, падправілі. Але адной эстэтыкай сітуацыю не змяніць, патрэбны рамонт. А для яго – фінансавыя сродкі.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Алейнікава пагаджаецца. Галоўным клопатам работнікаў установы ў суботні дзень была менавіта прыгажосць. Навесці яе на 25 сотках – задача не з лёгкіх. Затое шырокая прастора для творчасці.

– Тут ёсць абрыкосавая алея, – кіраўнік выступае гідам. – Сёння разбіваем яблыневую. Пасадзім таксама вішні і слівы. А ўздоўж плоту – дэкаратыўныя кусты. Далей – зона адпачынку з дзіцячай горкай. Сцяну і гараж, каб не выбіваліся з агульнага фону, упрыгожыць жывапіс. Ёсць дамоўленасць з церахоўскім мастаком. 

На ўчастку адведзена месца і для пасадак па сістэме Мітлайдэра. Догляд за раслінамі – частка праграмы працоўнай рэабілітацыі інвалідаў.

Людміла НАЗАРАВА

Фота Наталлі ВАСІЛЬЕВАЙ