Стоимость подписки на полугодие – 36 рублей.

В Добруше прошел парад Дедов Морозов

Рубрика:

Апладысментамі і гучнымі воклічамі сустракалі дабрушане навагодніх чараўнікоў і іх памочніц. Паклікаць галоўных герояў навагодніх святаў на цэнтральную плошчу ў мінулую нядзелю прыйшлі дзясяткі дабрушан.

Доўгачаканай сустрэчы папярэднічала тэатралізаванае прадстаўленне, арганізаванае работнікамі Дома культуры “Меліяратар”. Аб сваім прыбыцці Дзед Мароз паведаміў па тэлефоне. А пакуль святочны чараўнік і яго ўнучка ехалі да плошчы, тут разгарнуліся актыўныя гульні. У вясёлы танец уключыліся і некаторыя дарослыя. Казачныя памочнікі Дзеда Мароза, і, безумоўна, сімвал наступнага года – Сабака павіншавалі дабрушан са святамі, прапанавалі шмат цікавых гульняў.

Святочны паравоз з незвычайнымі пасажырамі ўехаў прама на цэнтральную плошчу. Ля ўпрыгожанай ёлкі іх ужо зачакаліся. Сваімі віншаваннямі навагоднія чараўнікі разбудзілі святочны настрой гараджан. З асаблівай цікавасцю на гасцей паглядалі дзеці. Для некаторых з іх гэта сустрэча – першая ў жыцці. Дабрушанка Валянціна Дашкевіч сёлета на карнавальнае шэсце прыйшла з унукамі. У госці да бабулі яны прыехалі з далёкага Дубая. Не толькі снег прынёс дзяўчынкам радасць, а і сустрэча з добрымі навагоднімі персанажамі. Яны з задавальненнем вадзілі карагод не з Санта Клаўсам, а з Дзедам Марозам і яго памочніцай Снягуркай.

– Мы таксама верым у Дзеда Мароза. І як і ў дзяцінстве чакаем цуда, – заўважаюць дабрушанкі Марыя Гатальская і Надзея Давыдава.

Гэтага свята жанчыны чакалі з нецярпеннем.

– У мінулы раз не змагла прыйсці – была ў гіпсе, – заўважыла адна з пенсіянерак. – Сёлета з задавальненнем прыняла ўдзел у свяце.

Кожны жадаючы атрымаў падарунак ад Дзеда Мароза. Для гэтага патрэбна было расказаць верш або праспяваць навагоднюю песеньку. Час праляцеў хутка. Дзяды Марозы пачалі збірацца ў дарогу. Паравозік запыхцеў. Навагоднія чараўнікі паспяшаліся ў вагончыкі. Але яшчэ доўга пасля развітання з імі людзі не разыходзіліся з плошчы. Рабілі святочныя сэлфі ля ўпрыгожанай ёлкі.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА