В агрогородке Носовичи Добрушского района горел дом

Опубликовано сб, 20/06/2020 года - 17:00
Автор статьи

Пажар у двухпавярховым жылым будынку на вуліцы Цэнтральнай у Насовічах стаў дзевятнаццатым па ліку з тых, што адбыліся ў раёне з пачатку бягучага года.

Паведамленне аб чорным дыме, што вырываўся з вокан чатырохпакаёвай кватэры на другім паверсе, выратавальнікі атрымалі а пачатку адзінаццатай. Аб тым паведамілі суседзі пацярпелых ад агню. Звенні пажарных з мясцовага паста і гарадской аварыйна-выратавальнай станцыі дзейнічалі, не марудзячы.

– Ужо на месцы высветлілася, што эпіцэнтр узгарання знаходзіцца на кухні, а людзей у пылаючай кватэры няма, – зазначыў першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Міхаіл Лысоў. – 33-гадовая гаспадыня працуе ў прыватнай установе ў Добрушы, яе маці, што жыве разам, таксама дома адсутнічала.

У выніку пажару пашкоджаны аконная рама і маёмасць у памяшканні, закопчаны сцены і столь кватэры. Змаганне з агнём з вымушаным прымяненнем вады прынесла некаторыя праблемы і жыхарам кватэры на першым паверсе: тут спатрэбіцца касметычны рамонт.

Высвятленне прычын, што прывялі да ўзгарання, праводзілася супрацоўнікамі экстраных службаў з удзелам спецыялістаў энерганагляду. Па папярэдняй версіі, такой магло быць замыканне электраабсталявання халадзільніка, які эксплуатуецца жыхарамі кватэры больш за 12 год.

Як праінфармаваў “ДК” Міхаіл Лысоў, прычынай большасці пажараў, што сёлета ўзніклі ў нашым раёне, з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём. У цэлым жа, адзначаюць у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, сёлета, нягледзячы на спякотнае надвор’е, назіраецца тэндэнцыя як змяншэння ўзгаранняў у цэлым, так і гібелі людзей на пажарах. У мінулым годзе на гэты перыяд было зарэгістравана 22 такія здарэнні, у агні загінула 4 чалавекі, удвая больш, чым сёлета.