Учащийся Добрушской гимназии Максим Калужный получил диплом международной творческо-социальной программы «В будущее – с надеждой»

Белая кашуля,чорная бабачка… Такое ўражанне, быццам толькі са сцэны. А насамрэч – з урока матэматыкі.

– Музыку вельмі люблю, але ж і астатнія прадметы патрэбна ведаць, – сур’ёзна разважае школьнік. – І мама так лічыць.

Даведаўшыся, што Інэса Вячаславаўна працуе настаўніцай у Кармянскай школе, пра сябе ўсміхаюся.

– Ёй падабаецца, калі я спяваю, – працягвае юны суразмоўца, – хаця іншы раз і просіць зрабіць “гук” цішэй: маці таксама трэба да заняткаў падрыхтавацца.

Як высветлілася, творчыя здольнасці хлопчыка – рыса сямейная. Праўда, старэйшаму брату зараз не да спеваў, юнак праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў Смаргоні. Максім непакоіўся, што з-за трохдзённай паездкі ў Мінск спозніцца на провады ў армію. Але ўсё склалася ўдала. І ў сямейных справах, і на конкурсе. Дыплом першай ступені і медаль пераможцы – таму пацверджанне.

– Максім – адзін з пяці прадстаўнікоў нашага раёна, каго запрасілі да ўдзелу ў фінале творчай акцыі, арганізаванай Дэпартаментам па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы і Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, – з гонарам за выхаванца расказвае настаўніца гімназіі Таццяна Храпуцкая. – Мая калега Кацярына Савасцьянава, разам з якой кіруем узорным

вакальным ансамблем “Акварэль”, таксама не сумнявалася ў поспеху юнага саліста. І нумар для выступлення падабралі выйгрышны: вясёлы, яркі і эмацыянальны.

Журы, у складзе якога быў вядомы беларускі кампазітар Эдуард Ханок, высока ацаніла выкананне песні “Вясёлка жаданняў”. Калі мэтр уручаў узнагароду і ціснуў руку, юны дабрушанін адчуваў сябе сапраўднай зорачкай. Час, праведзены ў сталіцы, запомніцца Максіму і іншым 60 удзельнікам, якія прадстаўлялі Беларусь, Расію і Украіну, цёплай, шчырай і добрай атмасферай. Хаця, прызнаецца навучэнец гімназіі, было цяжка фізічна. Напрыклад, некалькі рэпетыцый гала-канцэрта, які прайшоў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, канкурсантаў стамілі. Адпачынак і смачная ежа ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Ждановічы” хутка аднавілі сілы юных танцораў і спевакоў.

– Трапіць у фінал хацелі ўсе, – дзеліцца ўражаннямі пераможца. – І я перажываў за рабят, з якімі паспеў пасябраваць.

З юнымі церахаўчанкамі падтрымлівае сувязь і зараз. Кажа: сышліся на глебе агульных інтарэсаў.

– Напэўна, зайздросцяць табе? – пытаюся ў Максіма.

– Ім таксама пашанцуе, – упэўнены хлопчык. – Вынікі ранейшых выступленняў і мяне не заўсёды задавальнялі.

Аказалася: у юнага спевака, які, да таго ж, вучыцца іграць на фартэпіяна, наведвае заняткі па харэаграфіі, – абшырны вопыт удзелу ў розных музычных конкурсах. Пасля летніх канікул плануе пакараць вяршыні міжнароднага дзіцячага песеннага форуму, які пройдзе ў Мінску.

– Можа, нас зноў павязуць у дэльфінарый ці ў цырк, – агучыў сваё жаданне маленькі спявак.

Сапраўды: саперніцтва і амбіцыі – справа дарослых. А васьмігадовы Максім хаця і задаволены асабістым дасягненнем, не хваліцца ім. Яму проста ўсміхнулася ўдача, заўважае хлопчык.

Людміла НАЗАРАВА

Фота прадастаўлена добрушскай гімназіяй