У Гомельскай вобласці стартаваў абласны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!”

Ты добры чытальнік? Тады табе сюды!

Стартаваў XІІI абласны конкурс чытальнікаў «Захаваем свет разам!”, прысвечаны Году літаратуры для дзяцей і юнацтва ў Гомельскай вобласці ў межах Года малой Радзімы.

Яго арганізоўвае і праводзіцьГомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта. Творчае спаборніцтва будзе доўжыцца з 1 лютага па 26 красавіка 2019 года.

Мэта – стымуляванне чытацкіх інтарэсаў школьнікаў, павышэнне цікавасці да выразнага чытання мастацкіх твораў, а задачы – прапаганда твораў пісьменнікаў Гомельшчыны, прысвечаных роднаму краю, духоўнаму багаццю рэгіёна, якія адлюстроўваюць пазітыўныя бакі нашай рэчаіснасці.

Для чытання ўдзельнікі конкурсу самастойна выбіраюць:

 мастацкія творы сучасных празаікаў, якія пражываюць на тэрыторыі Гомельскай вобласці і з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі;

мастацкія творы празаікаў – выхадцаў з Гомельскай вобласці.

У конкурсе прымаюць удзел вучні агульнаадукацыйных школ, іншых устаноў адукацыі Гомельскай вобласці з 12 да 17 гадоў.

Конкурс праводзіцца ў адной намінацыі: «проза» (урывак з твора – час чытання 6 хвілін).

Конкурс праводзіцца ў 5 этапаў: школьны, раённы, абласны завочны, выніковы вочны і ўшанаванне ўладальніка Гран-пры.

Пераможцы раённага этапу ўзнагароджваюцца дыпломамі аддзела адукацыі і прымаюць ўдзел у абласным завочным этапе. Для гэтага ажыццяўляецца відэазапіс выканання мастацкага твора, які перасылаецца на электронны адрас: konkurslitgspb@yandex.ru да 1 красавіка 2019 года. На гэты ж электронны адрас дасылаецца заяўка за подпісам начальніка аддзела адукацыі гаррайвыканкама (на імя старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзіміра Мікалаевіча Гаўрыловіча). У заяўцы змяшчаецца падрабязная інфармацыя аб удзельніку абласнога этапа з датай нараджэння, клас, школа, імя аўтара і назва твора, які выконвае ўдзельнік, а таксама аб педагогу, які падыхтаваў вучня, указваецца яго кантактны тэлефон (прадугледжваецца, што, ён будзе потым суправаджаць вучня-пераможцу ў г. Гомель на выніковы этап)

Абласны завочны этап праводзіцца да 10 красавіка 2019 года шляхам праслухоўвання дасланых відэазапісаў. Творчае журы, у якое ўваходзяць пісьменнікі, грамадскія і культурныя дзеячы, вызначае 20 лепшых чытальнікаў, якія найлепш змаглі выказаць мастацкую задуму аўтара і паказалі добрае валоданне беларускай ці рускай мовамі.

Выніковы вочны этап, на які прыедуць 20 лепшых чытальнікаў, будзе праведзены 26 красавіка 2019 года ў офісе Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Па выніках чацвёртага выніковага этапа конкурсу, праводзіцца ўзнагароджанне пераможцаў (1,2,3 месцы) з уручэннем дыпломаў заснавальніка і арганізатара конкурсу, абласных альманахаў “Літаратурная Гомельшчына” і іншых выданняў Гомельскага абласнога аддзялення СПБ.

Пераможцам прысвойваецца ганаровае званне «Лаўрэат абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!». Педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў конкурсу, таксама могуць быць адзначаны журы і арганізатарам конкурсу. Юныя чытальнікі і іх настаўнікі, па магчымасці, сустрэнуцца з аўтарамі выбраных для мастацкага чытання твораў, атрымаюць у падарунак ад іх кнігі з аўтографамі пісьменнікаў. Для пераможцаў конкурсу будзе арганізавана культурная праграма.

Уладальнік Гран-пры будзе запрошаны для ўшанавання на III Форум маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці “Слова” у верасні 2019 года.