У Добрушскім раёне прайшла абласная акцыя “Мы славім чалавека мірнай працы”

Рубрика:

Абласную акцыю “Мы славім чалавека мірнай працы”, якая за пяць год на Гомельшчыне стала традыцыйнай, міратворцы Гомельскага аддзялення Беларускага фонду міру прадоўжылі ў нашым раёне

Аб тым, што на мерапрыемства ў раённы Палац культуры яе запрасілі не проста для ўдзелу, Ганна Станкевіч даведалася напярэдадні.Між тым,  тое, што яе прозвішча ў спісе ўзнагароджаных, дырэктара Уцеўскай сярэдняй школы не здзівіла.  Дзесяць год плённага супрацоўніцтва звязваюць калектыў установы з Беларускім фондам міру.

– Нашы дасягненні маюць сэнс толькі тады, калі ў краіне мір і спакой, – пераканана субяседніца.

Яе думку пацвердзіў старшыня Гомельскага аддзялення БФМ Цімафей Глушакоў, адкрываючы афіцыйную частку сустрэчы.   

– Наша мэта – прапаганда  працавітасці, узняцце аўтарытэту і значнасці чалавека працы, ушанаванне лепшых прафесіяналаў. Штодзённай працай яны праслаўляюць Беларусь.

На Добрушчыне такіх, зазначыў прамоўца, нямала. З іх вылучылі  больш за 20 асоб  Лепшым прадстаўнікам сельскай гаспадаркі, прамысловасці, адукацыі, медыцыны ўручылі падзякі і падарункі. 

З асаблівай цеплынёй узнагароджвалі ветэранаў працы: Лідзію Суганяка, Ларысу Макараву, Уладзіміра Пракоф’ева і іншых. У намінацыі “кіраўнікі” адзначылі, у прыватнасці, дырэктара сельгаспрадпрыемств “Уцеўскае” Аляксандра Дробышава,  старшыню Жгунскага сельвыканкама Валянціну Кірыенка, галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Надзею Белаглазаву, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алу Кон. 

Лепшыя традыцыі працягвае моладзь, якая да работы ставіцца ініцыятыўна і адказна. У гэтай кагорце – механізатар “Уцеўскага” Аляксандр Марфушкін, вядучы інжынер матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння “Добрушскага камунальніка” Андрэй Дзеркачоў, пераводчык малюнкаў фарфоравага завода Паліна Кушнерава.

– Працу добрага спецыяліста можна параўнаць са стараннем ювеліра, які апрацоўвае дарагія самацветы, – шчырыя словы вядучых папярэднічалі ўзнагароджванню вопытных работнікаў, прафесіяналаў сваёй справы. У іх ліку – галоўны аграном сельгаспрадпрыемства “Завідаўскае” Таццяна Ракашова, галоўны інжынер “Жгунскага” Аляксандр Пятроўскі,  мастацкі кіраўнік Церахоўскага гарадскога Дома культуры Людміла Кавалёва. Дарэчы, замест таго, каб выказаць свае ўражанні ад мерапрыемства словамі, кіраўнік вакальнага ансамбля “Аколіца” праспявала лірычную песню. Чым асабліва расчуліла Цімафея Глушакова, і без таго ўражанага канцэртам, падрыхтаваным работнікамі раённага Палаца культуры і ГДК “Меліяратар”, навучэнцамі гімназіі і дзіцячай школы мастацтваў.

– Ваш раён мае адметныя поспехі, ставіцца ў прыклад у вобласці і рэспубліцы не толькі дзякуючы добрасумленным працаўнікам, – адзначыў госць. – У гэтым вялікая заслуга раённых уладаў.

Палзяку Фонду міру  атрымала старшыня райвыканкама Вольга Мохарава.  На памяць аб сустрэчы на добрушскай зямлі яна уручыла Цімафею Глушакову прыгожую вазу, вырабленую мясцовымі рэзчыкамі па дрэве.

Людміла НАЗАРАВА

Фота Сяргея ЧАЙДАКА