Тереховчанка Нина Ананьева рассказала, почему воспитание детей - это счастье

Рубрика:

У тым, што ўнукаў любяць мацней, чым дзяцей, церахаўчанка Ніна Ананьева пераканалася асабіста. Па волі лёсу яна стала для сваіх унукаў больш чым бабуляй.

– Паабяцала дачцэ: колькі буду жыць, столькі буду клапаціцца пра яе дзяцей, – успамінае жанчына сумныя падзеі 18-гадовай даўніны.

Сямейную іерархію тады парушыла цяжкая хвароба старэйшай дачкі. Яна не пашкадавала 26-гадовую Іну, настаўніцу мясцовай школы, і траіх яе дзяцей. Найменшаму тады было ўсяго дзевяць месяцаў…

– Пакінуць дзяцей бацьку не адважылася, – прызнаецца Ніна Вітальеўна. – Зяць не меў ні пастаяннай работы, ні ўласнага жылля.

Бадай, усё, што зараз нагадвае пра яго, – прозвішча дзяцей. Апекуны вырашылі яго не мяняць: дзеці павінны ведаць гісторыю свайго нараджэння.

Праўда, бабулю нярэдка называюць мамай. Як у дзяцінстве. Ніна Вітальеўна асцярожна папраўляе: маўляў, я клапачуся пра вас, але я – бабуля. У такія моманты бярэ ў рукі партрэт дачкі і ў чарговы раз здзіўляецца:  як  падобныя дзеці на Іну. Ростам толькі не ў яе. І схільнасцямі.  19-гадовая Яна, студэнтка Беларускага ўніверсітэта транспарту, займаецца спортам, выступае за каманду сваёй вну на розных спаборніцтвах. Статныя постаці Станіслава і Уладзіслава, таксама студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, Ніна Вітальеўна, як яна заўважае жартам, убачыць за кіламетр. Шкадуе толькі, што нячаста прыязджаюць дадому. Адзін – у Мінску, другі – у Горках.

– Унучка бліжэй, таму стараецца наведваць нас з дзядулем кожныя выхадныя, – расказвае Ніна Ананьева. – Толькі ўчора праводзілі на цягнік, а ўжо сумую… Можа, гэта няправільна, але пра сябе кажу “ўнукі”, падразумяваю “дзеці”.

Было цяжка, не ўтойвае жанчына. Каб даглядаць меншую ўнучку, давялося пайсці ў “дэкрэтны” водпуск. Муж працаваў на некалькіх пасадах. Хаця асноўная яго прафесія – музычны работнік. Некалі ў Доме культуры працавала і Ніна Вітальеўна. Там і пазнаёміліся. Ураджэнец Віцебскай вобласці прыпаў церахаўчанцы да сэрца. І вось ужо 45 год яны разам. Без перабольшвання – і ў радасці, і ў горы.

– Адна не справілася б, – ласкава паглядаючы ў бок мужа Мікалая, які старанна чысціць снег у двары, гаворыць жанчына. – Падтрымлівае мяне ва ўсім. А гаспадар які рупны! Раней трымалі кароўку, апрацоўвалі паўгектара агарода. Унукі падрасталі – памочнікаў было больш. Выйдзем на праполку ўсе разам, а  суседзі жартуюць: штматдзетная сям’я.

– Толькі без адпаведнага статусу, – сур’ёзна дадае Ніна Ананьева. – Нашых заробкаў не хапіла б і на самае неабходнае. Грашамі і рэчамі дапамагалі мая сяброўка са Швейцарыі, італьянская сям’я, якая шмат год запрашала да сябе Яну.

Больш за ўсё цяпер бабулю клапоціць будучыня дарослых унукаў. Яе пажаданне, каб кожны атрымаў вышэйшую адукацыю, можна лічыць выкананым. Нядаўна прый-шло паведамленне аб пачатку будаўніцтва дома, у якім дзеці-сіроты маглі б атрымаць кватэры. Але нават пры тым, што трэць кошту жылля аплоціць дзяржава, на астатнюю частку трэба браць крэдыт. Адзін, магчыма, выплацілі б з пенсіі. А трэба – тры…

– Нічога, на вуліцы ўнукі не застануцца, – суцяшае сябе суразмоўца. – Дзверы нашага дома заўсёды адчынены.

На 8 Сакавіка абяцалі прыехаць усе. Пра падарункі бабуля здагадваецца.  Унучка Яна, хутчэй за ўсё, прывязе  яе любімы торт. Стас і Улад не забудуць пра кветкі. А яна больш за ўсё хоча прытуліць іх да сябе і прашаптаць: “Мае дарагія,  люблю вас больш за ўсіх…”

Людміла НАЗАРАВА

На здымку: Ніна Ананьева.

Фота Яўгена УСЦІНАВА