Школы Добрушчины готовятся к сентябрьской линейке

Опубликовано ср, 01/07/2020 года - 15:31
Автор статьи

Чырванню руж, пахам фарбы і нязвыклай цішынёй сустрэла напрыканцы  чэрвеня Уцеўская СШ

Школьны лагер распачне работу праз месяц. Да гэтага часу тут плануюць завяршыць рамонтныя работы. Сёлета – не толькі касметычныя.

– Даўно ўзнікла думка памяняць пакрыццё падлогі ў холе, – расказвае дырэктар установы адукацыі Ганна Станкевіч. –  Старая не ўпісваецца ўжо ў інтэр’ер. Раней на такія маштабныя работы не хапала сродкаў. Дзякуючы вы­дзеленаму райвыканкамам гранту ў памеры дзвюх тысяч рублёў пытанне з набыццём 115 квадратных метраў пліткі і іншых матэрыялаў вырашана.

Ганна Станкевіч удакладніла: грашовую падтрымку школа атрымала за паспяховы ўдзел у праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Школьны сад” па развіцці сельскагаспадарчага прадпры­мальніцтва.

Кваліфі­каванага спецыяліста для выканання рамонту знайшлі праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Умелец з залатымі рукамі і вопытам будаўніка – мясцовы жыхар. Вячаслаў Дробышаў, да таго ж, – член бацькоўскага камітэта, да школьных спраў неабыякавы.

На пытанне, ці дапамагаюць у малярных і гаспадарчых работах іншыя бацькі, Ганна Станкевіч заўважыла: пакуль у гэтым няма неабходнасці. Восем тэхнічных работнікаў школы спраўляюцца ўласнымі сіламі. Дарэчы, парадак у пасудамыйнай наведзены такі, што хоць заўтра можна аднаўляць харчаванне школьнікаў. У сталовай з’явіліся эксклюзіўныя элементы дэкору. Драўляныя насценныя панэлі пакрылі спецыяльным сродкам, і яны набылі залацісты бляск. 

Усё гатова да заняткаў і ў большасці класаў. У асноўным тут асвяжылі фарбу на сценах і падлозе. Неабходныя для касметычнага рамонту матэрыялы, па словах дырэктара,  набыты за сродкі пазабюджэтнай дзейнасці і спонсарскай дапамогі. Так, уклад сельгаспрадпрыемства “Уцеўскае”, якім кіруе Аляксандр Дробышаў, – набыццё будматэрыялаў коштам 450 рублёў. Не абдзяляе школу ўвагай і мясцовы прадпрымальнік Аляксандр Дорашаў.  

  Адказная справа чакае бацькоў і добраахвотных памочнікаў  бліжэй да верасня. Плітка, іншыя матэрыялы для рэстаўрацыі ганка ўжо завезены.

– Хочацца, каб уваход у школу быў парадным у прамым сэнсе, – заўважае Ганна Станкевіч.

Людміла НАЗАРАВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА