Сельхозпредприятия Добрушского района готовят технику к весне

Сельгаспрадпрыемствы раёна пачалі падрыхтоўку тэхнікі да вясны. На мехдварах і ў майстэрнях – ажыўленне. Нягледзячы на стабільны мінус на тэрмометры.

Механізатары сельгаспрадпрыемства “Крупец” добра ведаюць: ад якаснай падрыхтоўкі тэхнікі ў многім залежыць паспяховае правядзенне палявых работ у сёлетнім сельскагас­падарчым годзе. Амаль уся пасяўная ў гаспадарцы ў мінулым 2017-м лягла на плечы Віктара Шустава. На сваім МТЗ-3022 ён засеяў больш за 1200 гектараў. А корманарыхтоўка, заўважае загадчык майстэрняў Уладзімір Зубараў, у многім трымалася на Аляксеі Казарыне: на КВК-800 ён стаў упэўненым лідарам гаспадаркі. Таму і надаюць механізатары сваім  жалезным памочнікам належную ўвагу.

Транспартны парк гаспадаркі – 26 трактароў, 9 камбайнаў, абсталяванне да іх.

– Тут што ні жалезны конь, то ветэран, – жартуе загадчык майстэрняў. – Хаця б раз у год тэхніцы патрэбны сур’ёзны рамонт: яна не адзін год працавала на палетках. Таму многае ў паспяховай рабоце аграрыяў залежыць ад добрасумленных адносін да справы механізатараў.

І яны не падводзяць. У спісе работнікаў – больш за 20 прозвішчаў механізатараў. Рагаўцоў, Лазоўскі, Малашанка... У большасці – прадстаўнікі дынастыі. Гонар прадпрыемства – браты Казарыны: Аляксей, Аляксандр, Сяргей. Яны і на пасяўной, і на ўборачнай, і на нарыхтоўцы кармоў.

Сённяшні “ўдарны фронт” – у рамонтных майстэрнях. Яны мала нагадваюць медыцынскі рэанімацыйны блок. Аднак тут у прамым сэнсе вяртаюць тэхніку да жыцця. Вось і нядаўна сваімі сіламі адрамантавалі два рухавікі.

– Іх рамонт у спецыялізаванай майстэрні каштаваў бы сельгас­прадпрыемству каля 10 тысяч рублёў, – заўважае Уладзімір Зубараў. – Сваімі рукамі атрымалася ў разы танней.

У сельгаспрадпрыемстве не робяць сакрэту – многае ўпіраецца ў фінансы. Нярэдка рамонт зацягваецца, калі няма неабходных дэталяў. Цяпер знайшлі сродкі і набылі неабходныя каробкі перадач для трактароў. Аднак, даводзяць суразмоўцы, нярэдка прыходзіцца мудрыць, каб паставіць на колы зламаны агрэгат. Так было і з дыскатарам. Калі зламалася балка, заказваць завадскую не было ні часу, ні фінансавых магчымасцей, расказваюць работнікі. Самі змайстравалі неабходную дэталь, прыварылі. Удалося нядрэнна.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

На здымку: слесар Генадзь Віннікаў, механізатар Віктар Шустаў.

Фота Яўгена УСЦІНАВА