Пяць пытанняў дэлегату V Усебеларускага народнага сходу

Яўген БЛАШАНКОЎ, прадпрымальнік:

– Якія з пытанняў разгледжаных на форуме, з'яўляліся, на ваш погляд, самымі актуальнымі на бліжэйшую пяцігодку?
– Незважаючы на тое што я прадстаўляў прадпрымальніцкі корпус Гомельшчыны, вымушаны канстатаваць: галоўнымі былі пытанні мадэрнізацыі прамысловасці, развіцця навуковаёмістых галін. Тым больш, што ў Гомельскай вобласці, напрыклад, за кошт прамысловасці фарміруецца больш за 50 працэнтаў валавога рэгіянальнага прадукту.

– Асабіста вас і іншых прадстаўнікоў бізнэсу, якія працавалі на сходзе, што хвалявала больш за ўсё?
– Правядзенне эфектыўнай грашова-крэдытнай палітыкі ў маштабах дзяржавы, забеспячэнне ўстойлівасці фінансавай сістэмы ў цэлым. Раўнавартасныя адносіны да прадстаўнікоў розных формаў уласнасці, змяншэнне колькасці праверак. Таксама лічу, што ўладзе неабходна ўзмацніць увагу на фарміраванні ў грамадстве культуры вытворчасці і спажывання, фізічнай культуры. За ўсім гэтым – здароўе людзей, якасць жыцця насельніцтва.
 – Падзяліцеся асабістымі ўражаннямі ад выступлення на форуме Прэзідэнта краіны.
– Без перабольшвання, уражанні самыя пазітыўныя. Простымі і даступнымі словамі кіраўнік дзяржавы акрэсліў самыя важныя этапы развіцця Беларусі, зрабіў глыбокі аналіз, паставіў задачы на будучую пяцігодку. І гэта не толькі маё ўражанне. Такія ці прыкладна такія водгукі на прамову я чуў ад іншых дэлегатаў.
– З якім настроем вярнуліся з Усебеларускага сходу?
З настроем працаваць. На карысць сваёй сям’і, работнікаў, за якіх нясу адказнасць не толькі матэрыяльную, але і маральную. Працаваць, у рэшце-рэшт, на карысць дзяржаве, якая робіць усё магчымае, каб народ Беларусі жыў у дэмакратычнай і квітнеючай краіне. І мы павінны дапамагаць у гэтым. Кожны на сваім працоўным месцы.
– На вашу думку, якая ідэя сёння аб’ядноўвае жыхароў Беларусі?
– Вера ў свае сілы і разуменне таго, што ніхто не вырашыць за нас нашы праблемы. Толькі мы самі здольныя зрабіць наш агульны дом лепшым і больш заможным.
Леанід ДУБОЎСКІ
Фота Яўгена УСЦІНАВА