Переселенцы из Брагинского района рассказали о жизни на Добрушчине

Рубрика:

Прыгожы высокі дом сям’і Юрчанкаў на вуліцы Варашылава ў Пераросце адзін з многіх падобных. Значную частку жыхароў вуліцы складаюць перасяленцы з Брагінскага раёна. Мікалай Міхайлавіч і Таццяна Дзмітрыеўна Юрчанкі апынуліся ў нашым раёне ў верасні 1986 года, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

З былымі астраглядаўцамі сустрэліся ў двары іх дома. Муж з жонкай перабіралі насенне бульбы. На 1 мая прымеркавана пасадка.

– Дапамагаць прыедуць унук і сын, – кажуць гаспадары.

– Прайшло больш за трыццаць год, – гаворыць жанчына, – але ўспамінаць тыя далёкія, драматычныя дні вельмі цяжка. – Мужа дома не было, ён адпачываў у санаторыі. Таму першы цяжар выпрабаванняў прыняла на сябе. Адвезла дзяцей да сястры ў Гомель і вярнулася ў Астрагляды. У вёсцы, – успамінае гаспадыня, – здзівіла цішыня. Быў вечар, на вуліцы ніводнага чалавека. Нават сабакі пахаваліся. Трывога быццам павісла ў паветры.

– У красавіцкія дні 1986 года быў у Кіславодску, – успамінае Мікалай Міхайлавіч. – Дазваніцца дамоў і даведацца, што там адбываецца, не мог. На ўсю вёску было толькі некалькі стацыянарных тэлефонаў. Але першым жа рэйсам выляцеў у Гомель. У Брагін дабіраўся аўтобусам. Быў сонечны цёплы дзень. У салоне стаяла напружаная цішыня. Людзі перагаворваліся толькі шэптам. На наступны дзень пайшоў у школу, у якой працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. Установа функцыянавала ў штатным рэжыме, вось толькі колькасць вучняў з кожным днём скарачалася.  Бацькі адпраўлялі дзяцей далей ад радыяцыйнай навалы.

У тыя дні, па словах пера­сяленцаў, узнікла рэальная пагроза абрушэння рэактара… Было прынята рашэнне аб эвакуацыі школьнікаў. 9 мая вучні Астраглядскай і Багушэўскай школ назаўсёды пакінулі родныя месцы. Дарослыя астраглядаўцы  толькі 30 жніўня даведаліся аб пераез­дзе на новае месца жыхарства.

Перасяленцы першы час адчувалі на сабе насцярожаныя погляды мясовых жыхароў. Здаецца, адна вобласць, адзін народ, але, па іх словах, тут усё было іншае: прырода, звычаі, умовы жыцця. Трэба аддаць належнае кіраўнікам гаспадаркі. Таццяне Дзмітрыеўне прапанавалі работу ў мясцовай краме. Мікалай Міхайлавіч уладкаваўся настаўнікам у Перарос­таўскую сярэднюю школу. Сям’я атрымала добры дом. Здавалася, жыві і радуйся. Але ўспаміны аб малой радзіме не пакідалі. Праз некалькі год вырашылі наведаць родныя мясціны. Запусценне, кустоўе і палын-трава сталі неад’ем­нымі прыкметамі некалі квітнеючага краю.

Першыя месяцы пасля аварыі, праведзеныя ў непасрэднай блізкасці ад рэактара, паўплывалі на здароўе дзяцей і дарослых. Таццяна Дзмітрыеўна – ў чаканні аперацыі на шчытападобнай залозе. Два гады таму дачка Ірына, пасля рэабілітацыйнага курсу лячэння трапіла ў аўтамабільную катастрофу. Юрчанкі-старэйшыя зрабілі ўсё магчымае, каб выхаваць унука, які застаўся без маці.  Ён зараз – студэнт тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога.

Займеў сваю сям’ю і сын Дзмітрый. Таццяна і Мікалай спадзяюцца, што на жыццёвым шляху родных людзей не сустрэнецца выпрабаванняў, праз якія прайшлі яны.

Леанід ДУБОЎСКІ

Фота Яўгена УСЦІНАВА