Падведзены вынікі Добрушскага раённага этапу конкурсу “Наш жывёлавод”

Рубрика:

Падведзены вынікі раённага этапу конкурсу “Наш жывёлавод”, які напрыканцы мінулага года абвясціў прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Лепшых выбралі як у калектыўных намінацыях, так і па індывідуальных дасягненнях. Лепшы майстар машыннага даення Аляксандр Матвеенцаў (на здымку) працуе на МТФ “Кузьмінічы”. Ад кожнай каровы ў мінулым годзе ён атрымаў 9314 кілаграмаў малака. Сярод пераможцаў спаборніцтва аператараў машыннага даення – і даярка МТФ “Івакі” Святлана Зубава, сельгаспрадпрыемства “Завідаўскае” Алена Ткачова, работніца МТФ “Кузьмінічы” Кацярына Габрава.

А лепшы даглядчык маладняку буйной рагатай жывёлы Валянціна Галота працуе на малочна-таварнай ферме “Чырвоны Партызан”. Сярэднясутачныя прывагі яе гадаванцаў за мінулы год склалі больш за 930 грамаў. Выдатныя паказчыкі і ў другога лідара – Таццяны Манаковай з сельгаспрадпрыемства “Крупец”, работніка комплексу “Уць” Юрыя Яцэнкі, а таксама Івана Гарбачэнкі з ААТ “Калінінскі”.

– Важнае значэнне мае і якасць атрымліваемай прадукцыі, – заўважае старшыня прафкама работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Баўкуновіч. – Добра гэта бачна на прыкладзе работы лепшай фермы. Так, на малочна-таварнай ферме «ДМБ» ААТ “Завідаўскае”, работу якой арганізуе Дзяніс Грачко, утрымліваецца 214 галоў дойнага статку. За мінулы год ад кожнай каровы тут атрымалі больш за 10 тон малака. Амаль усё яно, 99 працэнтаў, здаецца сортам “экстра”.

Перадавой прызнана і работа калектыву МТФ №5 “Івакі”, якой загадуе Тамара Аднавочка. Не адстае ад іх і калектыў малочна-таварнага комплексу сельгас­прадпрыемства “Баршчоўскі”, якім кіруе Наталля Чыжэўская. Хоць сярэдні надой на карову тут крыху меншы – 7114 кілаграмаў супраць 8 тысяч, якія атрымліваюць у “Іваках”.

Сярод ферм па вытворчасці мяса прызнаны калектывы комплексу “Уць”, МТФ “Кудлаёўка” сельгаспрадпрыемства “Абарона”, фермы “Харошаўка”, што ў “Кузьмінічах”.  Лепшую захаванасць статку пры дастойных прывагах і іншых паказчыках забяспечылі жывёлаводы і МТФ №5 “Івакі” сельгаспрадпрыемства “Калінінскі”.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота з архіва рэдакцыі