О горячих буднях абитуриентов «ДК» рассказали бывшие учащиеся гимназии Добруша

Опубликовано вт, 30/06/2020 года - 16:18
Автор статьи

Сямнаццацігадовыя дабрушане Канстанцін Войтка і Арцём Абозны важныя рашэнні прывыклі прымаць сумесна. Сябруюць з першага класа, маюць агульныя інтарэсы. Першае выпрабаванне для абітурыентаў юнакі таксама праходзілі разам.

На цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове ў аўдыторыю БелДУТа накіраваліся ўпэўнена.

– Арганізатары паклапаціліся пра захаванне супрацьэпідэмічных мер, – расказвае Канстанцін Войтка. – 24 удзельнікі размясціліся на дастатковай адлегласці паміж сабой. Пры ўваходзе ў памяшканне былі антысептыкі для рук, ахоўныя маскі…

На пытанне, чаму з дзвюх моў выбралі беларускую, дабрушане ўсміхнуліся: дзякуючы настаўніцы гімназіі Святлане Грыневіч лічаць сябе добрымі знаўцамі прадмета. У Гомельскім дзяржаўным абласным ліцэі, куды пасля 9 класа былыя гімназісты паступілі без праб­лем, таксама працуюць выдатныя выкладчыкі. Аднак пра педагогаў гімназіі ўчарашнія ліцэісты ўзгадваюць з цеплынёй.

– Тут мы распачалі працу над праектам камп’ютарнай праграмы “Калькулятар для сістэмы лінейных ураўненняў”, – расказвае Арцём Абозны. – У час вучобы ў ліцэі атрымалі дыплом трэцяй ступені абласнога конкурсу “Пошук”.

Дарэчы, захапленне інфарматыкай стала для юнакоў вызначальным пры выбары будучай прафесіі. Канстанцін і Арцём вырашылі паступаць у мінскую ВНУ на факультэт камп’ютарных сістэм. Наперадзе – экзаменацыйныя тэсты па фізіцы і матэматыцы. І летні адпачынак. Яго маладыя дабрушане плануюць правесці актыўна. Заняткі спортам, удасканаленне ведаў па праграмаванні і тэхніцы ігры на гітары…

Людміла НАЗАРАВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА