Носовлянка Марина Додусова из Добрушского района знает, как сделать новогоднюю елку неповторимой

Рубрика:

Насаўлянка Марына Додусава ведае, як зрабіць святочную ёлку непаўторна прыгожай. Цацкі для яе яна вышывае.

Ёлачныя цацкі, прызнаецца жанчына, пачала вышываць выпадкова. Знайшла цікавую схему і паспрабавала сшыць па ёй. А пасля захапілася ідэяй. Пачала актыўна шукаць узоры. Такія цацкі, заўважае суразмоўца, не б’юцца, не ламаюцца. Да таго ж, выгадна дапаўняюць навагодні інтэр’ер.

Спрадвечна жаночай справай Марына займаецца ўжо 20 год. Гаворыць, аднойчы проста не змагла прайсці міма кіёска, дзе сярод іншых дробязяў прапаноўвалі наборы для рукадзелля. Зараз, гаворыць, не ўяўляе жыцця без таго, каб не выкраіць гадзіну-паўтары для любімага занятку.

– Вышыўка неверагодна супакойвае, – адзначае майстрыха. – Калі бяру іголку ў рукі, забываю пра ўсе турботы.

Зараз жанчына працуе адразу над некалькімі вырабамі. Яна ўпэўнена, вышываныя работы – гэта не толькі ручнікі, якія стваралі бабулі.

– Тым больш, што зараз можна набыць усё, што патрэбна для цікавых дызайнерскіх вырабаў. Напрыклад, нядаўна ўбачыла пластыкавую канву для вышыўкі і задумала вышыць некалькі магнітаў на халадзільнік, – расказвае суразмоўца.

У доме нямала прадметаў, якія Марына зрабіла сваімі рукамі. Ёсць даволі незвычайныя. У пакоі чутна, як адлічваюць час стрэлкі гадзінніка, арыгінальны цыферблат для якога вышыла сама. Дарэчы, адна з апошніх работ майстрыхі.

У планах – рабіць вышыўкі па фотаздымках. Для гэтага жанчына асвойвае спецыяльную камп’ютарную праграму, якая дазваляе ствараць схемы самастойна, дапамагае падбіраць каляровую гаму нітак.

Жанчына заўважае, яе хобі патрабуе немалых фінансавых укладанняў. Да таго ж, не ўсё можна набыць у магазіне. Даводзіцца заказваць праз інтэрнет. Аднак усе намаганні, адзначае майстрыха, кампенсуюцца задавальненнем, якое атрымліваеш пасля заканчэння працы.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота аўтара