Необычный рейс для пассажиров одного из городских автобусов Добруша и читателей газеты «Добрушскі край» организовали ее работники

Незвычайны спосаб агітацыі за сваю газету выбралі ў час падпісной кампаніі на 2018 год работнікі “Добрушскага краю”. Ідэя арганізаваць флэш-моб у гарадскім аўтобусе, назвалі яго “З раёнкай – па шляху”, узнікла невыпадкова. Пасля таго, як на адным з транспартных сродкаў, што курсіруюць па вуліцах райцэнтра, стараннямі газетчыкаў і кіраўніцтва філіяла №10 ААТ “Гомельаблаўтатранс” з’явілася рэклама райгазеты.  “З намі не будзе сумна!” – адзін з рэкламных слоганаў вырашана ператварыць у жыццё.

Видео

Да мерапрыемства рыхтаваліся грунтоўна. Прадумалі афармленне салона навагодняй атрыбутыкай і нагляднай інфармацыяй на тэму падпіскі, правядзенне міні-латарэі сярод пасажыраў аднаго з  найбольш працяглых гарадскіх маршрутаў “Меліяратар – вуліца Гогаля”.  Атмасферу надыходзячага свята перадавалі навагоднія персанажы Дзед Мароз і Снягурка. У гэтыя вобразы ўвасобіліся супрацоўнікі рэдакцыі. А баяніста запрасілі прафесійнага – акампаніятара раённага Палаца культуры Аляксандра Фуклева. Вадзіцель аўтобуса Алег Кір’янаў, дарэчы, адзін з лепшых работнікаў аўта­транспартнага прадпрыемства, да гэтай падзеі таксама дбайна рыхтаваўся. Нават белую кашулю апрануў. 

– Усё ў сіле? Чакаем з нецярпеннем, – напярэдадні мерапрыемства ён патэлефанаваў у рэдакцыю, каб удакладніць час і месца сустрэчы са “Святочным дэсантам” газетчыкаў.

Кіроўца папярэдзіў: упрыгожваць салон давядзецца на хаду: графік руху парушаць нельга.  Не ведалі аб сюрпрызе толькі пасажыры. Калі на прыпынку на вуліцы Леніна ў аўтобус увайшла шумная кампанія ў навагодніх касцюмах з песнямі і прывітаннямі,  на тварах гараджан ўбачылі  здзіўленне. Нават кандуктар Людміла Рахуба разгубілася. Але праз імгненне зразумела: свае.

– Крута мы патрапілі на ТВ! – так адрэагавала на прапанову адправіцца ў незвычайную паездку дабрушанка Галіна Гуз.

Аказалася: як у ваду гля­дзела. Сюжэт пра незвычайную акцыю газетчыкаў і транспарт­нікаў у Добрушы вечарам таго ж дня паказалі па гомельскім тэлебачанні.    

На кожным прыпынку новыя пасажыры далучаліся да агульнай дружнай кампаніі. Журналісты “ДК” цікавіліся стасункамі з раённай газетай, запрашалі аформіць падпіску на наступны год. Хаця, як аказалася, многія зрабілі гэта без напамінкаў. Выпісваць “Добрушскі край”, кажуць, стала добрай звычкай. Тым прыемней было газетчыкам дзякаваць сваім верным сябрам за прыхільнасць, а заадно – дарыць добры настрой. Песнямі і добрымі пажаданнямі.

– Вось дык здзівілі! – пазнаўшы за белай барадой знаёмы твар журналіста раёнкі, былая работніца аддзялення Бел­дзяржстраху  Ніна Аўраменка рас­сакрэціла Дзеда Мароза. – Адным словам, творчыя людзі…

На прапанову заспяваць пасажырка адгукнулася з задавальненнем. Песні, кажа, люблю. Аказалася, не яна адна. Баяніст заіграў “Ой, мароз, мароз…”, да яго голасу далучыліся іншыя, утварыўшы невялікі камерны  хор.    

– Гатова падпісацца на газету хоць зараз, – кранутая душэўным выкананнем імправізаванага нумара,  выказала намер адна з пасажырак. – Навошта адкладваць?!

У тым, што дабрушане з раёнкай сябруюць, сумненняў не было. Многія сціпла адмаўляліся браць з рук Дзеда Мароза экзэмпляр “Добрушс­кага краю”. Маўляў, дома ёсць.Затое сувенірам з лагатыпам “ДК” парадаваліся шчыра. Некаторыя з пасажыраў гатовы былі працягваць падарожжа з удзельнікамі флэш-моба. Шкадавалі, што трэба выходзіць на сваім прыпынку. А дзве вучаніцы сярэдняй школы №2 вырашылі: зробім яшчэ адзін круг  на маршруце з “Добрушскім краем”. Разам – весялей.

Людміла НАЗАРАВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА