Накануне столетия легендарного Петра Машерова добрушанин Валерий Горбачев поделился с "ДК" впечатлениями о встрече с ним

Рубрика:

…Трыццаць сем год назад, 4 кастрычніка 1980 года, па шашы Мінск – Масква імчаў картэж з трох аўтамабіляў. Дзве “Волгі” суправаджалі чорную “Чайку”, на пярэднім сядзенні якой побач з вадзіцелем сядзеў першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў. Сустрэчныя аўтамабілі, падпарадкоўваючыся камандам машын суправаджэння па гучнагаварыцелю, паслухмяна прыціскаліся да ўзбочыны і спыняліся. Нечакана – прама ў лоб лімузіна на сустрэчную паласу з-за прыпыненага МАЗа выскачыў самазвал ГАЗ-53, нагружаны бульбай. Сутыкненне было страшным. З тых, хто знаходзіўся ў кабіне “Чайкі”, не ацалеў ніхто…

13 лютага 2018 года споўнілася б 100 гадоў Пятру Міронавічу Машэраву, дзяржаўнаму і палітычнаму дзеячу, Герою Савецкага Саюза і Герою Сацыялістычнай Працы, былому першаму сакратару ЦК ЛКСМБ, а затым кіраўніку Кампартыі Беларусі. Арганізатару і актыўнаму ўдзельніку партызанскага руху ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Пятра Машэрава небеспадстаўна лічаць адным з самых яркіх палітыкаў у гісторыі краіны савецкага перыяду, хто нямала зрабіў для станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Памяць аб выбітнай асобе захоўваецца не толькі ў назвах вуліц, гаспадарак, універсітэта ў Віцебску… Ва ўдзячнай людской памяці.

Днямі ў рэдакцыю завітаў дабрушанін. Чалавек у асяроддзі журналістаў не чужы: у свой час ён больш за два дзясяткі год працаваў у добрушскай раёнцы. Выказаў жаданне напярэдадні адметнай даты Пятра Машэрава падзяліцца успамінамі, звязанымі з гэтай легендарнай асобай. Тым больш, што пры жыцці палітыка, па запэўніванні калегі, яму давялося паўдзельнічаць у сустрэчы з Машэравым, а пасля прыкрай да болю трагедыі – праводзіць Пятра Міронавіча ў апошні шлях.

Сустрэча ў Вайнілах

– Магчыма, у кожнага чалавека ёсць моманты, перажыўшы якія, назаўсёды захоўваеш іх у сэрцы, – адзначае Валерый Гарбачоў. – Захоўваеш, нягле-дзячы на часавыя вымярэнні і няўмольны маркер уласнага ўзросту. Дзве такія падзеі звязаны ў мяне з Пятром Міронавічам Машэравым.

Першая памятная сустрэча адбылася ў красавіку 1971 года. Згадваецца, мінулая зіма і пачатак вясны па ўмовах надвор’я былі не надта літасцівымі для азімых культур. Нешта вымерзла, нешта вымакла. Словам, загінула азіміна на значнай плошчы. Пётр Міронавіч у тыя дні часта выязджаў у гаспадаркі для сустрэч з хлебаробамі. Высвятляў сітуацыю на месцах. Нешта падказваў гаспадарнікам. Прымаў на ўвагу слушныя прапановы сялян па выпраўленні няпростай сітуацыі. Не абмінуў высокі кіраўнік і наша сельгаспрадпрыемства “XVIII партз’езд” Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Кажу “наша” невыпадкова. У той час я быў дзевяцікласнікам Гарбавіцкай школы, але клопатамі сялян племяннога сельгаспрадпрыемства жыла наша сям’я. Скажу чаму. Маёй маці Еўдакіі Васільеўне Кашчэевай на працягу 13 год давялося стаяць “каля руля” названага племзавода. Наколькі паспяхова жанчыне ўдавалася кіраваць гаспадарчай махінай, сведчылі яе рэгаліі. Маці была ўзнагароджана ордэнамі Леніна, “Знак Пашаны”, абіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета краіны. Скажам прама, такімі адзнакамі працы ў той час не раскідваліся…

…Напярэдадні маці патэ-лефанавалі з раённага камітэта партыі: да вас едзе першы сакратар ЦК КПБ. Неабходна да ўмоўнага часу сабраць працаўнікоў у вясковым клубе. Як было нам, падлеткам, прапусціць такую магчымасць – пабачыць самога Машэрава! З сябрам адпрасіліся з урокаў (вучыліся мы ў другую змену) і, нібы на крылах, пехам пераадолелі чатырохкіламятровую дыстанцыю з Гарбавіч да нашых Вайніл, цэнтральнай сядзібы племгаспадаркі. Тут павінна была надвячоркам адбыцца сустрэча з партыйным лідарам. Як ні стараліся, на крыху прыпазніліся, большасцю вяскоўцы былі ў зале. Толькі некалькі з іх стоўпіліся каля ганка. Суровы ахоўнік, што стаяў ля ўваходных дзвярэй залы, рашуча спыніў наша памкненне праскочыць туды.

– Дзядзька, ну пусціце, – дружна пачалі “ціснуць на спагаду”. – Вельмі ж хочацца на Машэрава паглядзець…

Сэрца – не камень. Па строгім твары ахоўніка слізганула ледзь прыкметная ўсмешка. Прыадчыніўшы дзверы, упаўголаса кінуў нам:

– Давайце хуценька! І каб – ні-ні…

Указальны палец службоўцы шматзначна ўзляцеў да вуснаў.

…У племзаводзе на той час працавала крыху больш за 200 чалавек, але зала на 350 месцаў была перапоўнена. Не выратавалі пастаўленыя ў праходах крэслы, што прынеслі з фае, – частка вяскоўцаў тулілася каля сценаў. Да іх далучыліся і мы.

Неўзабаве да сельскай установы культуры пад’ехалі чатыры аўтамабілі. З аднаго з іх выйшаў Машэраў, упэўненым крокам накіраваўся да ўваходу ў СДК. Праўда, па дарозе ўзнікла непрадбачанасць, якая, па-ўсяму, каштавала нямала нярвовых клетак нашаму ўчастковаму міліцыянеру і суправаджаючым высокага госця прадстаўнікам партыйных органаў. Нечакана да Машэрава падскочыў Пятро, якога на вёсцы лічылі чалавекам нявытрыманым і дзівакаватым (ёсць такія і цяпер). Працягнуў руку.

– Здравствуйте, Пётр Миро-нович!

Вакол – нямая сцэна. Але Машэраў не разгубіўся:

– Здравствуйте, товарищ!

Моцна паціснуў руку вяскоўцу і пакрочыў у будынак.

…Тая сустрэча з вяскоўцамі доўжылася мо тры гадзіны. За сталом на сцэне разам з высокім госцем – прадстаўнікі з абкама і райкама партыі, мая маці. Пятра Міронавіча цікавілі не толькі віды земляробаў на будучы ўраджай, стан азімых пасеваў. Літаральна ўсё: якія створаны ўмовы працы, які ў людзей настрой, як арганізавана работа ў падраздзяленнях… Машэраў не толькі гаварыў сам – уважліва выслухоўваў кожнага з залы, хто хацеў выказацца. Пры гэтым, прыгадваецца, шмат курыў.

Арганізатары сустрэчы, як пасля высветлілася, трохі далі маху. Не чакалі, што госцю можа спатрэбіцца попельніца. Давялося прыстасаваць пад яе звычайны сподачак, яго адшукалі ў Доме культуры. Прызнаюся: пасля сходу мы, гарэзы, куляй рванулі на сцэну. Карцела даведацца, што ж паліць Машэраў. Цыгарэты, як аказалася, былі з двума фільтрамі – вугальным і белым. І называліся “Мульціфільтр”.

Па вялікім рахунку, сустрэча вылілася ў народны сход. Размова з партыйным кіраўніком вялася шчыра, у атмасферы выключнага даверу і разумення. Сваёй чалавечай даступнасцю і спагадай да клопатаў і праблем людзей “ад зямлі” такую атмасферу стварыў сам Пётр Міронавіч. Узгадваю, як адзін з трактарыстаў гаспадаркі Ткачоў, цёзка Машэрава, задаў партыйнаму лідару пытанне. Было яно, як цяпер бы мовілі, “не па фармаце”. Работу, маўляў, я выконваў на трактары тую ж, а вось зарплату за сакавік налічылі меньшую, чым у лютым. Чаму так?

– А Вы звярталіся да бухгалтара, эканаміста? – адрасаваў лагічны сустрэчны пасыл трактарысту Машэраў.

– Не, пакуль не звяртаўся…

– Дык Вы ўсё ж спытайце спецыялістаў, – параіў Пётр Міронавіч. – Калі ж тлумачэнні Вас не задаволяць, напішыце мне…

Вядома, пісаць Пятру Ткачову не давялося, пытанне хутка “ўтрэслася”. Аўтарытэт Машэрава сярод людзей быў выключны.

Ужо развітваючыся з сялянамі, Машэраў звярнуўся да залы:

– Спадзяюся, не падвядзеце з сяўбой!

Дружнае “Не падвядзем!” патанула ў моры апладысментаў…

Ніхто не саромеўся слёз

У трагічны кастрычніцкі дзень 1980 года сталіцу было не пазнаць. Здавалася, усё вакол – дамы, дрэвы, людзі – таілі ў сабе адбітак нейкай нявыказнай тугі. На цэнтральным сталічным праспекце імя Леніна толькі зрэдчас праносіліся аўтамабілі і аўтобусы. У кватэры мінчан прыйшла сумная вестка: у аўтакатастрофе загінуў Машэраў. Той дзень здаваўся бясконцым.

…Заняткі на геаграфічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, дзе я тады вучыўся, пачаліся як звычайна. Пасярод лекцыі ў вялікую аўдыторыю зайшла сакратар дэканата. Назваўшы маё прозвішча, вымавіла:

– Вас выклікае дэкан…

Дэкан геафака Мікалай Тарасавіч Раманоўскі быў стрыманы і нешматслоўны. Даручыў мне падабраць пяць хлопцаў-чацвёртакурснікаў і ў адзінаццаць гадзін раніцы быць каля Дома ўрада. Заўважыў: да вас падыйдуць і ўсё растлумачаць. Прымеце ўдзел у пахаванні Машэрава.

…У скверы нас сустрэў высокі шыракаплечы мужчына. Спытаў коратка:

– Гарбачоў?

– Так.

Задача была канкрэтная: пранесці ў калоне і ўскласці на магілу Пятра Міронавіча вянкі.

…У зале, калі падышлі да труны за вянкамі, спыніў погляд на тым, хто ляжаў у ёй. Светла-шэры касцюм. Спакойны, пазбаўлены болю твар. Здалося, чалавек проста на нейкі час прылёг, каб спачыць пасля нялёгкай дарогі.

На шляху журботнай працэсіі, што накіравалася ад Дома ўрада да Усходніх могілак, дзе Пятра Міронавіча чакаў апошні прытулак, жывой сцяной стаялі людзі. Тысячы. Дзясяткі тысяч. Старыя, маладыя. Інтэлігентнага выгляду і простыя “рабацягі”. Многія плакалі, зусім не саромеючыся сваіх слёз. Пад ногі людзей з калоны падалі жывыя кветкі…

…Ля магілы прагучалі апошнія словы жалобнага мітынгу. Нехта загаласіў наўзрыд. На душы стала неяк пуста і абыякава. Прычына такога стану не была сакрэтам. Сышоў ад нас Пётр Міронавіч Машэраў. Пакінуўшы ў памяць аб сабе партызанскія подзвігі, добрыя мірныя справы. І выразны прыклад адданага служэння свайму народу і Радзіме.

Мікалай ЖДАНОВІЧ

(Пры падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстаны архіўныя здымкі)