Накануне нового года районка узнала, о чём писали наши предшественники в первом номере газеты 60 лет назад

Рубрика:

Гартаю пажоўклыя ад часу старонкі газеты “Зара камунізма” за першае студзеня 1958 года. Навагодні нумар атрымаўся прыгожа аформленым і насычаным цікавай інфармацыяй.

На першай паласе – святочная паштоўка з выявай новага года ў вобразе хлопчыка на фоне зямнога шара, які аблятае штучны спадарожнік. Нагадаем чытачам, што 4 кастрычніка 1957 года Савецкі Саюз запусціў першы штучны касмічны спадарожнік, таму касмічная тэма не сыходзіла са старонак савецкіх і замежных выданняў.

Побач з ілюстрацыяй – віншаванне жыхароў раёна з Новым годам ад імя райкама партыі  і раённага выканаўчага камітэта. У ім даволі сціпла асвятляюцца вытворчыя поспехі раёна. Шмат папулярных лозунгаў і заклікаў. Напрыклад – дагнаць і перагнаць Амерыку па вытворчасці мяса, малака і масла на душу насельніцтва.

 Гэта тэма атрымала развіццё на трэцяй старонцы выдання. Заатэхнік калгаса “Беларусь” П. КОЛАСАЎ з лічбамі на паперы паказвае поспехі сваёй гаспадаркі ў 1957 годзе. Спецыяліст сцвярджае:  на 100 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў у гаспадарцы атрымана 182 цэнтнеры малака, 29 цэнтнераў мяса. Ад кожнай фуражнай каровы надоена па 1980 кілаграмаў малака. Каб хутчэў абагнаць Амерыку, піша П. Коласаў, калгаснікі арцелі ўзялі на сябе павышаныя абавязацельствы па вытворчасці малака і мяса.

Між тым, каб зразумець і ацаніць сённяшнія поспехі сельскай гаспадаркі раёна,  дастаткова будзе паведаміць: сярэдняя ўраджайнасць каласавых у 1957 годзе склала 9,5 цэнтнера з гектара і 82 цэнтнеры бульбы. Надоі на адну ўмоўную галаву – 1600 кілаграмаў малака.

Як вялікае дасягненне падавалася павелічэнне вагі працадня. Напэўна, маладое пакаленне не ведае, што да сярэдзіны 60-х калгасы разлічваліся з сялянамі натуральным  прадуктамі  і толькі адзін раз у год. Звычайна позняй восенню пасля завяршэння ўборачных работ. За 1957 год калгаснікі раёна атрымалі за кожны працадзень (выхад на работу) па 1,5 кілаграма хлеба, 2 кілаграмы бульбы і па рублю наяўных грошай…

Апошняя, чацвёртая, старонка навагодняга нумара “Зары камунізма” прысвечана гумару, віншаванням і цікавай забаўляльнай інфармацыі.

Леанід МІНІЧ

Фота Вольгі ГЛЫЗІНАЙ