Награда нашла обладателя: в Добрушском районе чествовали еще одного комбайнера, намолотившего более тысячи тонн зерна на уборке урожая этого года

Апошні зернеўборачны камбайн не ўчора пакінуў хлебную ніву раёна. Разам з тым, не ўсе героі жніва заслужана ўшанаваны. Да прыкладу, камбайнер-тысячнік Сяргей Гардзіенка. Свой адпачынак машыніст экскаватара Гомельскага аддзялення пуці Бе-ларускай чыгункі змяніў на збожжавыя палеткі СУП “Церахоўка-Агра”. Занятасць на асноўным рабочым месцы і перашкодзіла яму своечасова атрымаць заслужаную ўзнагароду.

– Дасягнуць тысячнага намалоту ў перыяд сёлетняй уборкі было нялёгка, – гаворыць Сяргей Гардзіенка. – На ход і вынікі жніва паўплывалі неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Тым больш прыемна, што запаветная планка скарылася.

Поспех камбайнера невыпадковы. У апошнія гады ён – у лідарах сярод камбайнераў гаспадаркі. Так склалася, што сёлетняе жніво Сяргей праводзіў без памочніка.

– Я – насаўлянін, – расказвае ён, – але ў апошнія гады працую на жніве ў Церахоўцы. – Прынялі добра. Калектыў механізатараў тут падабраўся дружны. Удзячны ім за падтрымку і дапамогу. Вось і сёння яны прыйшлі, каб павіншаваць мяне.

На гадзінніку – 7.30. Слова бярэ старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Доля. Яна віншуе Сяргея Гардзіенку з поспехам, уручае яму падзячны ліст і каштоўны падарунак.

– Даўно збіраўся набыць сокавыціскалку, – усміхаецца перадавік. – Жонка будзе задаволена. Хачу падзякаваць кіраўніцтву гаспадаркі і прафсаюзам раёна за ацэнку маёй працы.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Ала Старавойтава, віншуючы Сяргея Гардзіенку з выдатным вынікам, нагадала: ён – другі тысячнік у Церахоўцы. Крыху раней такі рубеж пераўзышоў маладзёжны экіпаж гаспадаркі ў складзе Сяргея Зубарава і Ільі Зюзькова.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Раздуева ў звароце да прысутных адзначыла: пакуль на палі выводзяць свае камбайны такія людзі, як Сяргей Гардзіенка, Беларусь не застанецца без хлеба. Працоўны энтузіязм, памножаны на вопыт і сур’ёзную падрыхтоўку да жніва, прыносіць свой плён. 

Такім чынам, хлебаробаў раёна на абласных дажынках будуць прадстаўляць шэсць экіпажаў-тысячнікаў. Па валавым зборы зерня наш раён паказаў сёлета трэці вынік у вобласці, агульны намалот зерня тут склаў 52 тысячы тон.

Леанід МІНІЧ

Фота аўтара