На крючке у коммунальщиков. О том, чем закончились соревнования по ловле рыбы среди работников КУП "Добрушский коммунальник"

Прафкам “Добрушскага камунальніка” арганізаваў сярод работнікаў прадпрыемства спаборніцтва па рыбнай лоўлі. За званне лепшага пазмагаліся 24 прадстаўнікі калектыву. Месцам для спаборніцтва аматараў вуды выбралі возера непадалёк ад Лявонцьева.

– Выяўлялі самых дасканалых у намінацыях “Самы вялікі ўлоў” і “Самая вялікая рыба”, – распавядае галоўны суддзя спаборніцтва, кіраўнік раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Сяргей Кірэйцаў. – Ацэньвалі ўсё: ад падрыхтаванасці ўдзельнікаў да іх умення вудзіць правільна. Канечне, манера ды сакрэты рыбалоўства ў кожнага свае, але ўзровень заўсёды бачны па ўлову. 

Дарэчы, найбольшы ён аказаўся ў Дзяніса Грамянкова, старшага майстра аварыйна-дыспетчарскай службы. Амаль тры з паловай кілаграмы карпа для мужчыны – не рэкорд.

Самы цяжкі карп вагой 1222 грама трапіў на кручок раскрыжоўшчыка церахоўскага ўчастка кацельняў і цеплавых сетак Сяргея Шабанава.  

Хаця спаборніцтва праходзіла сярод аматараў, эмоцыі на беразе возера былі самыя нежартоўныя, дадае старшыня прафкама камунальнікаў Юлія Кавалёва. Лад паміж калегамі-сапернікамі дапамог стварыць паходны абед з традыцыйнай шурпой.

Вольга ГЛЫЗІНА

Фота прадастаўлена прафкамам «Добрушскага камунальніка»