На ферме в Крупце Добрушского района привесы скота стимулируют новогодним убранством

Намаляваныя дзіцячай рукой плакаты з выявамі навагодніх герояў і снегавікоў, сняжынкі на вокнах, гірлянды з каляровай паперы, бліскучая мішура і нават сапраўдная ёлка з цацкамі. Так у Крупцы ўпрыгожылі не прыватны дом або афіцыйную ўстанову, а… хлеў для адкорму маладняку.

– Сама здзівілася, калі ўбачыла такую прыгажосць, – прызнаецца дырэктар сельгаспрадпрыемства “Крупец” Алена Мажанава. – Шкада, што адпаведны конкурс сёлета не абвясцілі. Сям’я Талкачовых стала б пераможцам. А магчыма – калектыў фермы “Паўднёвая”. Там таксама жывёлаводы ўпрыгожылі галерэю паміж хлявамі галінкамі елак і мішурой.

Ферма па адкорме маладняку, на якой працуюць Сяргей і Валянціна Талкачовы, здзіўляе не толькі нагляднасцю і ёлкай. У памяшканнях – ідэальная чысціня. Кармушкі цялятніка запоўнены кормам, яслі – сенам. Пытаем: ці хапае часу на догляд статка ў 60 галоў?

– Прыходзім а шостай гадзіне, і пакуль усіх не накормім, парадак не навя­дзем, дамоў не спяшаемся. А ўвогуле, толькі афіцыйна мы тут удваіх працуем, – усміхаецца Валянціна Іванаўна. – Штодзень на дапамогу ўнукі прыходзяць. Летам іх з фермы не выгнаць. Падрыхтоўка да навагодніх святаў – таксама іх задумка. Нават у лес за галінкамі самі хадзілі.

Ініцыятыва Настассі, Арцёма і Андрэя не засталася незаўважанай. Нядаўна Алена Мажанава спецыяльна падпільнавала, калі рабяты прыйдуць бабулі на дапамогу, каб уручыць ім салодкія падарункі.

Па словах кіраўніка гаспадаркі, Валянціна Талкачова на адкорме цялят працуе дзясяты год. Дагэтуль доўгі час была даяркай, паляводам. Яе адрозніваюць дысцыпліянаванасць, адказнасць і працавітасць.

– Пакуль не разабраліся, што больш уплывае на прывагі – добрыя адносіны даглядчыка да жывёлы  ці стварэнне ў памяшканні святочнага антуража. Але факт ёсць факт: сутачныя прывагі цялят у гэтыя дні дасягаюць 900 грамаў у дзень, – кажа Алена Мажанава. – У наступным годзе пастараемся ўпрыгожыць усе фермы. Магчыма, і надоі пачнуць павялічвацца.

Сяргей ВОЛЬГІН

Фота Яўгена УСЦІНАВА