Стоимость подписки на полугодие – 36 рублей.

Лучший в республике инспектор по делам несовершеннолетних работает в Добрушском РОВД

У прафесіі інспектара па справах непаўнагадовых рамантыкі мала. Складаныя падлеткі, кантакты з асацыяльнымі асобамі, прафілактычныя гутаркі. Але, заўважае супрацоўнік раённага аддзела ўнутраных спраў Арцём Глушак, заўсёды прыемна, калі бачыш вынік сваёй працы. Складаных падлеткаў можна перавыхаваць, накіраваць у патрэбным напрамку, упэўнены ён. Да “таварыша капітана” маладыя людзі звяртаюцца і каб параіцца. Гэта, заўважае спецыяліст, таксама добры вынік работы па выхаванні моладзі.

Інспектар упэўнены: дасканалага ведання нарматыўнай базы недастаткова для паспяховай работы. Патрэбны яшчэ жыццёвы вопыт і веданне псіхалогіі падлеткаў. І ў гэтым дапамагае педагагічная адукацыя.

У рэспубліканскім аглядзе-конкурсе, які сёлета прайшоў у трынаццаты раз, удзельнічалі лепшыя прадстаўнікі райаддзелаў унутраных спраў. Для перамогі неабходны былі не толькі дасканалае веданне дакументаў. Удзельнікам прапанавалі практычныя сітуацыі, якія могуць здарыцца на службе. Напрыклад, абясшкодзіць злачынцу, выкарыстаўшы прыёмы самаабароны.  А яшчэ – прадэманстраваць трапную стральбу ў спецыяльнай падрыхтоўцы, выканаць сілавыя практыкаванні.

Адным з самых складаных выпрабаванняў, прызнаецца пераможца, аказаліся тэставыя заданні па крыміналістыцы.

– Упор у гэтым выпрабаванні рабіўся на спосабы фіксацыі месца злачынства, правільнасць дзеянняў у зборы доказаў, – расказвае Арцём Уладзіміравіч.

Ацэньваліся і прафесійныя паказчыкі. Дарэчы, па раскрывальнасці злачынстваў прадстаўнік Добрушчыны – прыклад для сваіх калег у вобласці.

У рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу Арцём Глушак удзельнічае не ўпершыню. Двойчы раней станавіўся пераможцай.

– Калі стала вядома, што ў гэты раз заняў першае месца, спачатку не паверыў. Сёлета конкурс вызначаўся вельмі напружанай барацьбой. Прэтэндэнтаў на прызавыя месцы аддзялялі лічаныя балы. Кожны быў рашаючым. З вынікам 71 бал я стаў першым, мой сапернік, які заняў дугое месца, набраў усяго на адзін бал менш, – расказвае інспектар.

Выпрабаванні прымусілі капітана міліцыі Глушака не раз пахвалявацца. Гэта ўпершыню ўдзельнічаць у конкурсе рэспубліканскага маштабу было цікава, заўважае суразмоўца. У гэты ж раз паставіў перад сабой планку: выступіць не горш, чым у мінулым годзе. І вельмі стараўся. Да таго ж, падкрэслівае ён, патрэбна было абараніць гонар раёна.

На стале ў інспектара – камп’ютар. Гэты прыз ён атрымаў за трэцяе месца, занятае ў рэспубліканскім конкурсе ў мінулым го­дзе. У гэты раз матэрыяльна-тэхнічная база райаддзела ўнутраных спраў папоўніцца новым аўтамабілем. Камплект ключоў ад яго пераможца ўжо атрымаў. Некаторыя юрыдычныя фармальнасці – і  хутка можна будзе сесці за руль службовага аўто.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота аўтара