Лучше друга и охотника, чем лайка, нет – уверен добрушанин Александр Серый, владелец трех породистых собак

Рубрика:

Тры пары навостраных вушак і крыху раскосыя вочы, што з цікавасцю  пазіраюць з-за дошак вальера. Разумеем:  улагаджваць гаспадара наступнага года – Жоўтага Землянога Сабаку – дабрушаніну Аляксандру Сераму наўрад ці трэба.

– А хвасты і сапраўды кручком, – заўважаем.

– Гэта адна з асаблівасцей лаек,– тлумачыць гаспадар.

Аб прадстаўніках распаў-сюджанай у Расіі паляўнічай пароды сабак былы жыхар Магаданскай вобласці ведае, напэўна, усё. Бо не адзін год займаецца яе вывучэннем на жывых прыкладах. Неўзабаве нават збіраецца здаць экзамен на эксперта па лайках. І тады зможа арганізоўваць выставы, быць на іх суддзёй. А пакуль не ўпускае шанцу вывезці “ў свет” сваіх гадаванцаў. Нягледзячы на малады ўзрост сабакі маюць дыпломы і медалі некалькіх расійскіх выстаў.

  Першага сабаку Аляксандр завёў, калі вучыўся ў восьмым класе. З таго часу лайкі сталі для яго вернымі сябрамі і добрымі памочнікамі на паляванні. Пасля пераезду ў наш горад першае, аб чым паклапаціўся, было наладжванне стасункаў з мясцовым таварыствам паляўнічых і рыбаловаў.  Некаторы час працаваў там паляўнічазнаўцам.

– А інстынкт усё роўна кліча на волю, – усміхаецца суразмоўца. – І жывёл, і мяне.

 Праўда, пагоня за барсуком або іншым драпежнікам для яго гадаванцаў часам  не абыходзіцца без баявых раненняў. Шрам на баку Батухана, найбольш вопытнага з сабачага трыа, – вынік нежартоўнай схваткі з дзіком. Той выпадак Аляксандр і зараз перажывае быццам нанова. Як нёс параненага  на руках  да машыны, імчаўся ў ветэрынарную клініку. Як літаральна спавіваў бедалагу,  каб аблегчыць яму боль пасля аперацыі. Нібы да маленькага дзіцяці ўставаў ноччу па некалькі разоў…

– Абрык, дя мяне! Не чапай Ветку! – пачуўшы каманду гаспадара, хвастатыя  гарэзнікі селі побач з ім.

– Гэта Вы прыдумалі ім такія нязвыклыя клічкі? – цікавімся ў Аляксандра.

Аказалася, яны дасталіся жывёлам разам з дакументамі аб радаслоўнай. Дарэчы, бацька Батухана – адзін з лепшых сабак-вытворцаў пароды лаек Расіі. Два чатырохногія сябры прыехалі, а дакладней, прыляцелі на самалёце, разам з новым гаспадаром у Добруш з Урала. Сяброўку для іх Аляксандр набыў значна бліжэй, хаця дзевяцімесячная чыстакроўная прадстаўніца пароды таксама “іншаземка”.

– Жыхары Сібіры выкарыстоўваюць лодкі, выраб-леныя са ствала дрэва. Такая “далбёнка” мае назву “ветка”. Так што мой сабака названы зусім не ў гонар суседняга з Добрушам райцэнтра, – тлумачыць Аляксандр Серы. 

На пытанне, ці разумныя істоты лайкі, гаспадар адказвае:  паслухмяныя, выхаваныя і дружалюбныя. У дрэсіроўцы ж галоўнае – любоў. І тады лайка аддзячыць бясстрашнасцю і адданасцю. Прычым, не толькі таму, у кім сабака прызнаў лідара, але і членам яго сям’і. Жонка і сыны Аляксандра адчуваюць сябе пад надзейнай абаронай. Праўда, 25-гадовы Антон, работнік фарфоравага  завода, захапленне бацькі падзяляе толькі часткова: на паляванне разам з ім ходзіць. І сабакі яго слухаюцца. У гэтым журналісты “ДК” пераканаліся, пакуль спрабавалі ўтаймаваць чатырохногіх фотамадэляў. Нам самім гэта не ўдалося б ніколі. Затое плямы ад лап на паліто засталіся нам на памяць аб незвычайным знаёмстве.

Людміла НАЗАРАВА

На здымку: Аляксандр  і Антон Серыя  

Фота Яўгена УСЦІНАВА