Сотрудники "ДК" поучаствовали в V Международном этнофестивале "Зов Полесья"

Рубрика:

Каларытная індыянка робіць сэлфі з дзвюма цыганкамі. Сялянка прадзе кудзелю. Кірмаш тавараў, як і сам фестываль, – з подыхам мінулага. Такое спалучэнне культур у маляўнічым мястэчку Гомельшчыны – аграгарадку Ляскавічы на Петрыкаўшчыне – можна ўбачыць толькі раз у два гады. На фестывалі “Кліч Палесся”. Форуме, які, па словах міністра культуры Юрыя Бондара, расчыняе патаемныя куточкі багатай беларускай культуры.

На кліч адгукнуліся артысты, афіцыйныя госці, турысты з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы. Прывітанне арганізатарам, удзельнікам і гасцям фестывалю накіраваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. 

На свяце, якое стала візітнай карткай палескага кутка, добрушскую зямлю прадставіла рэдакцыя нашай райгазеты. Падрыхтаваная раённымі газетчыкамі выстава асацыяцый з прадстаўленнем вытворчасці раёна, яго літаратурнай спадчыны  ні ў каго не выклікала цяжкасцей. Госці прэзентацыі “ДК” здагадваліся беспамылкова, дзе вырабляюць самы прыгожы посуд, дзе нарадзіўся аўтар “Сэрца на далоні” і адкуль карані дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова. Тыя ж, хто праявіў кемлівасць у адгадванні загадак, атрымлівалі падарункі – садавіну і агародніну, вырашчаную работнікамі раёнкі.

– Капуста з фіялетавай цыбуляй бу­дзе ўдалым рэцэптам салаты. Назаву яе “Добрушскай”, – прапанавала брэстчанка Вольга, якая разам з маці і дачкой паўдзельнічала ў жартоўнай віктарыне.

А мінчанка Таісія Шэлег большую ўвагу надала тканым рушнікам і абрусу Лідзіі Атрошчанка, якімі газетчыкі ўпрыгожылі экспазіцыю.

– Адразу бачна: майстрыха таленавітая, – заўважыла яна.

Аказалася, нягледзячы на сталы ўзрост і цяжкае захворванне зроку, жанчына часта вышывае. Толькі выкарыстоўвае цяпер два колеры – чырвоны і чорны. Іншых, прызналася, не бачыць.

– А з гарбуза, які выйграла ў вашым конкурсе, абавязкова кашу звару, на ўспамін аб вашай зямлі, – паабяцала яна.

Некалькі дзясяткаў чалавек даведаліся, што ў Добрушскім раёне жывуць самыя шчодрыя і гасцінныя людзі, растуць самыя смачныя яблыкі і самыя вялікія перцы. Зацікавіліся змесцівам рэдакцыйнага кошыка і афіцыйныя асобы на чале з кіраўніком Гомельскага аблвыканкама Уладзімірам Дворнікам. Увогуле ж, прадстаўнікі прэсы на форуме стварылі “сваю” вуліцу – “Фестываль кнігі і прэсы”. Яркую, каларытную, насычаную традыцыямі не менш, чым вясковыя падвор’і.

Фестываль “Кліч Палесся” ўжо займеў традыцыі. Адна з іх – уручэнне статуэткі “Ганаровы паляшук” людзям, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё палескага рэгіёну. Сёлета ў спіс ганаровых палешукоў дабаўлены два прозвішчы: байдарачніка, алімпійскага чэмпіёна і сямікратнага чэмпіёна міру Рамана Петрушэнкі і дырыжора заслужанага ансамбля “Выцінанка” Столінскага гарадскога Дома культуры Пятра Астапчука.

А тытул самай прыгожай дзяўчыны Палесся на бліжэйшыя два гады будзе належыць петрыкаўчанцы Юліі Герасіменка.

Раз у два гады насельніцтва аграгарадка Ляскавічы Петрыкаўскага раёна на дзень павялічваецца ў дзясяткі разоў, а вуліцы становяцца пешаходнымі.

Далей усе дарогі вялі на падворкі. Тры кіламетры вуліц, дзе гаспадарыла спрадвечная палеская гасціннасць, прапаноўвалі стравы нацыянальнай кухні, майстар-класы па рукадзеллі, рамесніцтве, старажытных танцах.

Васіль Савіч з Лунінецкага раёна шмат год стварае гліняныя цацкі. І майстарскі на іх іграе. Майстар упэўнены: яны выкарыстоўваліся не толькі як цацкі, а і ў сялянскім побыце.

Каб поўнасцю адчуць атмасферу Палесся, касцюмаў і пачастункаў – недастаткова, вырашылі супрацоўнікі Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”. І пабудавалі сапраўднае сялянскае падвор’е. Пераступіўшы парог двара, апынаешся ў атмасферы палескага побыту. Па ўсяму відаць, гаспадар заможны, калі можа дазволіць сабе сродак перамя­шчэння накшталт сучаснага красовера: абіты скурай і аздоблены разьбой экіпаж, запрэжаны пародзістым рысаком. Дарэчы, манекен жывёлы – у натуральную велічыню. Каб сфатаграфавацца ў каларытным інтэр’еры, каля падвор’я ўтварылася чарга.

Шалаш з паляўнічымі трафеямі красамоўна сведчыў, што валодае падворкам вопытны паляўнічы. А побач, на “Рыбацкай прыстані”, на летняй кухні тры гаспадыні на сямі патэльнях смажылі рыбу.

– Уся яна – з нашых прыпяцкіх азёр, – распавядае гаспадыня-начальнік турыстычнага комплексу “Ляскавічы” Ганна Бамбіза. – Мы – пастаянныя ўдзельнікі фестывалю. Ведаем, чым частаваць гасцей.

Месца на падвор’ях знайшлося існуючым палескім вёскам. Тут можна было пачуць займальныя гісторыі.

А паненкі ў крыналінах прадстаўлялі вёску Булаўкі, што ў Калінкавіцкім раёне. Яны распавядалі цікавую гісторыю-казку аб падарожжы Кацярыны ІІ з Пецярбурга ў Польшчу.

– У прыгожым месцы вырашылі паснедаць. Ды толькі страцілася булаўка. Уся світа і сяляне не змаглі яе адшукаць. А калі знайшлі, вёску так і пачалі называць – Булаўкі. Сёння ж прыехала на “Кліч Палесся”, – распавядала ад імя імператрыцы Расійскай імперыі Кацярыны ІІ дырэктар Калінкавіцкага цэнтра вольнага часу Вольга Нінуа.

 “Кліч Палесся” даўно выйшаў за межы рэгіянальнага фестывалю. Цяпер  гэта скарбонка сінявокай Беларусі, якая беражліва захоўвае традыцыі Палесся і нацыянальны каларыт.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА

Больше фото - в нашей фотогалерее