Корреспонденты «ДК» побывали в гостях у династии педагогов из Добруша

Опубликовано пт, 04/10/2019 года - 15:15
Автор статьи

Першая нядзеля кастрычніка для пяцікласніка СШ №2 Добруша Андрэя Рэкашова – цудоўная нагода павіншаваць са святам... сваіх бацькоў. Абодва яны – педагогі. Прычым, у “другім калене”.
 

– Маці мая і мужа працавалі настаўнікамі матэматыкі ў школах горада, – расказвае Наталля Рэкашова. – З маленства я таксама марыла сесці за настаўніцкі стол. Яшчэ ў дзіцячым садку малявала мелам на дошцы, а дома арганізавала нават уласную школу. Я – настаўнік, лялькі – вучні. Таму і пытанняў выбару спецыяльнасці не ўзнікла.
 

У гэтыя дні ў адрас Наталлі Міхайлаўны прыходзяць віншаванні з розных канцоў свету. І не дзіўна: многія яе выпускнікі, а за 32 гады педстажу яна выпусціла 8 класаў, – яе сябры ў сацыяльных сетках.
 

Настаўнік інфарматыкі Ігар Рэкашоў як і жонка кар’еру пачынаў у гарадской СШ №5. Настаўнічае 23 гады. Ён пастаянна дапамагае калезе і жонцы арганізоўваць мерапрыемствы для малодшых школьнікаў. Разам суправаджаюць вучняў і ў перыяд аздараўлення. Так, кажуць, склаўся лёс: і дома, і на працы – побач. Ды і сын Андрэй, як высветлілася, не застаецца без бацькоўскай і педагагічнай апекі.
 

– Так атрымалася, што я была яго першай настаўніцай, а Ігар – класным кіраўніком, – дзеліцца Наталля Міхайлаўна. – Для сына гэта стала стымулам у вучобе. Як вядома, да сваіх – патрабаванні павышаныя. У першым класе Андрэй нават прасіў перавесці ў другі клас, бо маці, па яго меркаванні, вельмі крытычна ставіцца да яго ведаў і поспехаў.
 

Тым не менш, пяцікласнік імкнецца ва ўсім быць першым. І ў грамадскім жыцці школы ўдзельнічае, і пераможцам раённай алімпіяды па матэматыцы  нядаўна стаў. На пытанне, ці марыць быць настаўнікам, хлопчык пакуль сцвярджальна не адказвае. Па-даросламу тлумачыць: нялёгкі настаўніцкі хлеб. Вырасту, маўляў, тады і вырашаць буду...