Как в агрогородке Добрушского района организована служба быта

Рубрика:

Каб адрамантаваць бытавую тэхніку, адзенне, абутак, набыць жалобную прадукцыю, здаць у хімчыстку адзен­не, жыхарам Уці зусім не абавязкова ехаць у райцэнтр. Аграгарадок – у пераліку вёсак раёна, дзе працуюць стацыянарныя комплексныя прыёмныя пункты.

За непрацяглы час, які журналісты “ДК” правялі тут, у КПП завітала некалькі вяскоўцаў. У руках некаторых – аб’ёмныя клункі. Таццяна Сцепаненка прынесла ў рамонт вопратку ўнука. Кажа, хлопчык вельмі актыўны і жвавы. Напярэдадні вярнуўся дамоў з вуліцы ў парваных штанах і куртцы.

Загадчыца пункта Наталля Піскунова прапануе пачакаць 30 хвілін. Праз паўгадзіны, завярае, адзенне будзе, як новае. 32 гады працуе жанчына ў галіне бытавога абслугоўвання.

– Раней працавала ў Церахоўскім КБА швачкай, – кажа яна. – Гэта былі самыя лепшыя гады ў прафесіі. Заказаў было шмат. Людзі з задавальненнем карысталіся паслугамі бытавікоў. З распадам СССР  усё змянілася. Радуе, што ва Уці захаваўся прыёмны пункт. У сярэднім за дзень наведваецца да пяці кліентаў. Гэта прыносіць адчуванне запатрабаванасці. – Некаму неабходна здаць у рамонт гадзіннік, іншаму – падкласці джынсы ці спадніцу, здаць у хімчыстку адзенне, – мовіць Наталля Піскунова. Звяртаюцца да нас і ў жалобныя моманты…

Наталля Асадчая папрасіла майстрыху замяніць няспраўную “маланку” ў куртцы, Надзея Караленка прыйшла за сваімі ботамі. І ўсім ім неабходна аказаць увагу. 

Па словах загадчыцы, гадзіннікі і іншыя бытавыя прыборы адпраўляюць у Добруш. Праз 20-25 дзён, у залежнасці ад складанасці рамонту, уладальнік атрымае іх у спраўным стане. Дробны рамонт адзення робіцца на працягу гадзіны. У гэты час кліент можа пагартаць часопісы, пагутарыць з іншымі наведвальнікамі.

За месяц Уцеўскі КПП аказвае паслуг на 200-250 рублёў. Грошы не надта вялікія, чаго нельга сказаць пра сацыяльную каштоўнасць прыёмнага пункта.

Леанід МІНІЧ

Фота Яўгена УСЦІНАВА