Из поколения комсомольцев. Добрушанин рассказал о жизни молодежи 60-х

Рубрика:

Пра сябе Аляксандр Соцкі кажа: “Я – з пакалення камсамольцаў-шасцідзясятнікаў”! Гады працы ў райкаме камсамолу ён лічыць самымі цікавымі ў сваім жыцці.

– Камсамольцы 60-х актыўна ўдзельнічалі ў будаўніцтве сацыялізму, добра вучыліся і працавалі, працягвалі традыцыі старэйшых камсамольцаў, – гаворыць Аляксандр Соцкі. – Пасля заканчэння школы вучыўся ў Добрушскім ПТВ на машыніста папераробчай машыны. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці вучылішча, абіраўся дэлегатам раённай камсамольскай канферэнцыі. Пасля вучобы разам з маладымі спецыялістамі  адправіўся працаваць у Краснаярск. Адтуль у 1963 годзе быў прызваны на вайсковую службу.

Наш зямляк і тут вызначаўся актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, з адзнакай скончыў школу партыйна-камсамольскага актыву. Вопыт камсамольскай работы спат-рэбіўся пасля дэмабілізацыі. Аднойчы былы салдат сустрэў свайго знаёмага Алега Куляшова, тагачаснага члена бюро райкама камсамолу. Той прапанаваў заняць пасаду інструктара. Праз год працы Аляксандр Соцкі прызначаецца загадчыкам арганізацыйнага аддзела.

– З цеплынёй успамінаю сваіх сяброў-райкамаўцаў, – шчыруе Аляксандр Соцкі. – Таварыскія адносіны склаліся з Уладзімірам Куліненкам, Леанідам Гайдуком. – І па сённяшні дзень сустракаемся, дзелімся навінамі, цікавімся жыццём адзін аднаго. На жаль, некаторыя з маіх сяброў сышлі з жыцця. Напрыклад, былы супрацоўнік раёнкі Іван Слепчанка, Кузьма Калінін і іншыя. Праца ў маладзёжным органе загартоўвала, вучыла калектывізму, выпрабоўвала кожнага на трывалась. Большасць супрацоўнікаў райкама – Валянцін Шабалін, Іван Слепчанка, Святлана Вольская, Міхаіл Талстапятаў – вучыліся ў вышэйшых навучальных установах. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ўсе знайшлі сябе ў жыцці. Валянцін Шабалін стаў дырэктарам “Райсельгастэхнікі”, Міхаіл Талстапятаў працаваў у абкаме партыі, Леанід Гайдук – у РАУС, Уладзімір Куліненка – сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса “Молат”, дырэктарам Добрушскага ПТВ-99, упраўляючым справамі райвыканкама.

Соцкі таксама  вучыўся завочна. Скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут. Той самы, у якім вучыўся першы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Камсамольскі лідар займаўся арганізацыяй маладзёжных спартыўных мерапрыемстваў. Кожны месяц разам з актывам ладзлі “маладзёжныя агеньчыкі”, на якія запрашаліся перадавікі вытворчасці, ветэраны вайны. Часта такія мерапрыемствы наведвалі Герой Савецкага Саюза лётчык Павел Мажэйка, Героі Сацыялістычнай працы Таццяна Трафімовіч з Насовіч і Ніна Маёрава з Крупца.

У свой час Аляксандр Соцкі ўзначальваў камсамольскі аператыўны атрад.

– Пасля райкама камсамолу я працаваў сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса “Абарона”, загадчыкам аддзела пісем у тагачаснай раённай газеце “Ленінец”. Стаў членам Саюза журналістаў СССР. Некалькі год пасвяціў працы на фарфоравым заводзе, каля 20 год жыцця аддаў раённай кінафікацыі.

 Так сталася, што сённяшні суразмоўца стаяў каля вытокаў рэгулярных сустрэч камсамольскіх актывістаў Добрушскага, Злынкаўскага і Шчорскага раёнаў у 1968 годзе. Праз год ініцыятыву камсамольцаў падтрымалі партыйныя і савецкія кіраўнікі. Крыху пазней на месцы супольных святкаванняў Дня моладзі пабудавалі манумент, які многія і сёння называюць не інакш як «Тры сястры».

– Меў шмат падзяк і грамат, – дзеліцца ўспамінамі ветэран камсамолу. – Але самай дарагой узнагародай лічу атрыманне Ганаровага Знака ЦК ВЛКСМ “За активную работу в комсомоле”.  Між іншым, узнагароджаны такім знакам першым у раёне.

Леанід ДУБОЎСКІ

Фота Яўгена УСЦІНАВА