Иванполье: от создания до сегодняшних дней. Цикл публикаций "Вёскі Добрушчыны" продолжается

Рубрика:

Адзіная вуліца пасёлка Іванполле сёння нагадвае стары грэбень са зламанымі зубамі. Дзве-тры хаты, пралысіна на месцы захаваных дамоў. І зноў – некалькі пабудоў. Усіх жыхароў – пералічыш па пальцах рук. Некалі ж тут налічвалася каля паўсотні домаўладанняў і больш за 250 жыхароў.

Прычын заняпаду пасёлка некалькі. Сярод іх – не зусім удалае размяшчэнне. Далёка чыгунка, пасёлак перастаў быць цэнтрам саўгаса “Паўднёвы”, цяжкія наступствы вайны.

На новым месцы

У архівах Уцеўскага сельвыканкама захавалася ўнікальная рукапісная кніга Любові Навуменка аб гісторыі Іванполля і вёскі Гардуны. Ураджэнка пасёлка працяглы час вяла перапіску з дзяржаўнымі архівамі СССР і Беларусі, збірала ўспаміны старэйшых жыхароў сельсавета і фотаздымкі пачатку мінулага стагоддзя. Звернемся да яе рукапісаў.

Узнікненне Іванполля старажылы звязваюць з асобай старшыні Гардуноўскага сельскага Савета Івана Кавальчука. Менавіта ён пасля абрання на пасаду ў 1923 годзе ініцыяваў выхад членаў абшчыны вёскі на пасёлак. Пазней старшыня служыў у арміі, меў званне маёра юстыцыі. У грамадзянскую ўдзельнічаў у баях з інтэрвентамі, у 1939 годзе вызваляў Заходнюю Беларусь, з першага да апошняга дня ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай. Пахаваны на могілках Іванполля.

У архівах захаваліся спісы першых перасяленцаў. Усяго іх было 256 чалавек. Каля 60 мужчын і столькі ж жанчын. Астатнія – дзеці. У 1930 годзе пасялкоўцы аб’ядналіся ў калгас “Паўднёвы”. Гісторыя захавала такі факт:  у новым калгасе меўся ўласны штамп, у той час як у суседняй гардуноўскай гаспадарцы аб такой раскошы і не думалі. Штампам зацвярджалі так званыя “Звесткі”.

У адной са звестак, датаванай 1932 годам, дакладваецца: 23 работнікі “Паўднёвага” працуюць у паляводчай брыгадзе, 4 – у жывёлаводчай. У калгасе маецца 13 жалезных і столькі ж драўляных вазоў, 10 кароў і адзін бык-вытворца, 10 цялят. Сабрана насеннага фонду 32 пуды аўсу, 30 – ячмяню, 30 – ільну, 59 – грэчкі… Маецца 300 пудоў сена, 200 – саломы, 150 – паловы…

У 1934-м годзе іванполлеўскі калгас аб’яднаўся са “Свабодным шляхам”. У пасёлку з’явілася свінаферма, а ў Гардунах – машынна-трактарная станцыя.

Вайна

Яшчэ да 23 жніўня, калі пасялкоўцы ўбачылі на сваёй вуліцы першых фашыстаў, у Гардуноўскім сельсавеце пачалі падрыхтоўку да партызанскай барацьбы. Для арганізацыі падполля райкам КПБ пакідаў на акупаванай тэрыторыі старшыню калгаса Сцяпана Бурмістрава. Разам з вяскоўцамі ён пачаў уладкоўваць у лесе ямы з адзеннем, прадуктамі харчавання. Стварыць партызанскі атрад так і не паспелі. У верасні 1941-га карнікі і мясцовыя паліцаі правялі арышты партыйцаў. Сярод іх аказаўся і Сцяпан. У лістападзе ён разам з Ксеніяй Навуменка, Уласам Рыгоравым, Іванам Драздовым і Ягорам Марчанкам быў расстраляны ў лесе каля вёскі Клімаўка.

У 1942 годзе немцы правялі карную аперацыю “Хрушч”. Ахвярамі сталі больш за 20 жыхароў Іванполля і Гардуноў. Пасля здзекаў сем з іх таксама расстралялі.

Значная частка архіўных даведак і ўспамінаў у рукапіснай кнізе тычыцца часоў акупацыі. Так, на лістах вучнёўскіх сшыткаў настаўнік Гардуноўскай школы Яўгенія Краўчанка апісвае дзеянні мясцовых паліцаяў. Начальнікам паліцыі стаў былы настаўнік матэматыкі Іосіф Раманенка. За што ён помсціў вяскоўцам, чыіх дзяцей вучыў працяглы тэрмін, людзі так і не даведаліся. Пад яго кіраўніцтвам праходзілі затрыманні мясцовага актыву, катаванні і расстрэлы.

Напярэдадні вызвалення жыхароў Гардуноў і Іванполля выгналі з хат і пастроілі ў калону. Пад канвоем іх павялі ў бок Прыбыткаў, дзе ўжо знаходзіліся насаўляне. Невядома, якія планы былі ў немцаў, аднак іх парушыла наступленне чырвонаармейцаў і партызан. Пры першых стрэлах людзі разбегліся, хто куды. Вярнуліся дамоў, а там – папялішчы. У Гардунах засталося 4 цэлыя хаты, у Іванполлі – толькі кузня Паўла Навуменкі. У ёй і пачалі жыць некалькі сем’яў.

Ад саракавых да сучаснасці

Старажылы пасёлка ўзгадваюць: першая пасляваенная зіма  далася людзям нялёгка. Жылі ў зямлянках, харчаваліся гнілой бульбай. Пасеяны яшчэ пры акупацыі ўраджай сабраць так і не змаглі. Не хапала мужчынскіх рук,  ды і палі былі літаральна ўзараны снарадамі пасля артабстрэлаў.

– Я нарадзілася ў 1946 годзе, аднак ад маці і яе сябровак ведаю, што выжыць вясной 1944 года ім дапамагло шчаўё, – расказвае Любоў Навуменка. – Дзяўчынкі пасля сыходу снегу босымі пераходзілі рэчку і ішлі ў лес на яго нарыхтоўку. Вярнуцца з пустымі рукамі было нельга: сем’і засталіся б галоднымі.

Пасляваеннае жыццё часта ўспамінае і старэйшына Іванполля Антаніна Навуменка (на здымку). У пасёлак яна прыехала больш як за 60 гадоў таму. У той час вуліца амаль цалкам адбудавалася. Новыя драўляныя і цагляныя дамы радавалі вока. Большасць пасялкоўцаў працавала ў калгасе. Да прадстаўнікоў жа рабочых прафесій калгаснае кіраўніцтва ставілася як да чужых.

– 37 год  працавала майстрам на Церахоўскім хлебазаводзе, – расказвае суразмоўца. – Муж быў вадзіцелем “Заготзерна”. Штодзень пешшу дабіралася ў гарпасёлак, працавала ў тры змены. Аднойчы з’явіўся брыгадзір калгаса  і абвясціў: поплаў рабочым па законе не паложаны.  Забіраем зямлю ў калгаснае карыстанне.

Сям’я Навуменкаў была з рабочых, але жылі, як кажуць, з зямлі. Толькі-толькі паспелі пасеяць зерневыя, пасадзіць бульбу. Навіну ўспрынялі як прыгавор. Добра, мужчына аказаўся з характарам, звярнуўся ў райкам партыі, паскардзіўся. На наступны дзень брыгадзір прынёс свае прабачэнні, але яшчэ доўга кідаў нядобрыя позіркі ў бок людзей.

Па словах суразмоўцы, жыццё ў Іванполлі літаральна кіпела. Тут былі два магазіны, ферма. Дзеці вучыліся ў Гардуноўскай школе, туды ж хадзілі і на танцы ў сельскі клуб.

– А сёння нас ўсяго пяцёра, – уздыхае Антаніна Навуменка. – Усе пенсіянеры. Скардзіцца няма на што: пошта заязджае, аўталаўка не мінае. Шкада толькі, што пасля нас пасёлак наўрад ці будзе існаваць. Штогод закапваюць дамы. Вунь, моладзь даўно на цэнтральную сядзібу калгаса (сельгаспрадпрыемства “Уцеўскае” – Аўт.) падалася, і ў абласны цэнтр.

Сяргей ВОЛЬГІН

Фота  Яўгена УСЦІНАВА