Он и сторож, и старейшина. Как не чувствовать себя одиноким среди нежилых домов, рассказал пенсионер из маленького поселка в Добрушском районе

У пачатку 2000-х год з карты раёна зніклі некалькі невялікіх пасёлкаў. Прычына – пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі на вёсцы і жаданне людзей жыць у камфорце. Працэс працягваецца і сёння. У некаторых пасёлках засталося па два-тры дамы, а жыхароў – яшчэ менш.

Тутэйшыя

Міхаіл Захараў і яго сястра Марыя – усё насельніцтва Першамайскага. Добраўпарадкаваных дамоў у пасёлку хапае. Аднак усе яны належаць дачнікам, якія жывуць тут перыядычна з вясны па восень. Старажылы ж клічуць сябе тутэйшымі. Міхаіл Мікалаевіч тут і за старэйшыну, і за вартаўніка. У яго кішэні – ключы ад усіх дач. Ранішні абход адзінай вуліцы пасёлка і праверка захаванасці суседскай маёмасці даўно сталі для яго рытуалам.

 У свае 87 год суразмоўца памятае падрабязнасці гісторыі Першамайскага з моманту яго заснавання ў 1926 годзе, прозвішчы старшынь калгаса “Новадружаскі”, у які аб’ядналіся жыхары гэтага і суседніх пасёлкаў – Сафееўка, Сямёнаўка, Светлы, Пралетарый, Новадружаскі. У 1940-м, напрыклад, ім быў Каняк, у 1946-м – Філімонцаў…

Продкам Захаравых у 20-я гады мінулага стагоддзя былі выдзелены землі каля балота. Штодзень дабірацца з Насовічаў на свае надзелы было цяжка. Перанесці драўляныя хаты і хлявы бліжэй да іх сяляне лічылі больш правільным. А праз два гады зямлю абрэзалі, як кажуць, па агароджу. Загучала невядомае слова “калектывізацыя”.

– Гадавалі авечак, свіней, было ў гаспадарцы і некалькі кароў, – расказвае старажыл. – Вырошчвалі зерневыя, нарыхтоўвалі торф. Мужчыны па разнарадцы ездзілі на лесасекі. Сцягвалі бярвенні на берагах Сожа і Дняпра, а вясной сплаўлялі іх у напрамку Украіны. Такую працу называлі “пайсці ў гужы”.

Ваеннае ліхалецце

У пачатку вайны жыхары пасёлка верылі: Чырвоная армія хутка разаб’е фашыстаў. Толькі калі ў калгасным двары пачалі рэзаць свіней, а мяса і сала ўпакавалі ў вялізныя бочкі і вывезлі на станцыю ў Церахоўку, зразумелі: не ўсё так проста. Авечыя атары мясцовыя пастухі па загадзе старшыні калгаса пагналі на ўсход. Услед – статак кароў. Ягнят і маленькіх цёлачак раздалі па дварах вяскоўцаў.

За час акупацыі ў Першамайскім кватэравалі і немцы, і іх саюзнікі – італьянцы. Першыя здзекваліся над насельніцтвам, другія набылі славу злодзеяў. Цягнулі з дамоў усё, што траплялася на вочы.

– Не ведаю, чаму, аднак немцы да саюзнікаў ставіліся як да рабоў, – расказвае Міхаіл Захараў. – Да сваіх палявых кух­няў не пускалі, абмундзіраваннем не забяспечвалі. Італьянцы што­дзень заходзілі да нас і патрабавалі: матка, хлеба… Памятаю, як у 42-м годзе ім дазволілі вярнуцца на радзіму. Зімой у абернутых анучамі ботах яны рухаліся ў бок Церахоўкі. Кожны цягнуў за сабой драўляныя санкі з нарабаваным.

Перад вызваленнем у пасёлку з’явіліся факельшчыкі, запалілі саламяныя дахі дамоў. Першамайскі за дзень згарэў ушчэнт. Людзі ўзяліся капаць зямлянкі.

Міхаілу ў час службы ў арміі давялося тры гады правесці ў Германіі. Ваенная часць зенітчыкаў размясцілася ў старым Дрэздэне. Пасля бамбардзіровак саюзнікаў горад не аднавіўся і ў 1956 годзе. Паўсюдна – руіны, зарослыя пустазеллем.

Бацькаўшчына

– Пасля службы вярнуўся на радзіму забяспечаным чалавекам, – хваліцца суразмоўца. – У Германіі ў месяц плацілі па 220 рублёў і столькі ж марак. Па тых мерках – вялікія грошы. У клуб заходзіў як франт: модны плашч, касцюм. Аднавяскоўцы ж былі, як блізняты: кірзавыя боты, ватныя целагрэйкі.

Вылучаўся з натоўпу дэмабілізаваны нядоўга. У выдачы пашпарта ў сельсавеце яму адмовілі. Давялося “ісці на гужы”, пасвіць статак. Пазней усё ж здолеў атрымаць дакументы і ўсё жыццё працаваў у абласным цэнтры плотнікам-столярам. Штодзень пешшу ішоў 2 кіламетры на станцыю, вечарам вяртаўся тым жа шляхам.

– Прырода, цішыня, свой агарод і гаспадарка. Унукаў і праўнукаў адсюль пасля летніх канікулаў са слязамі на вачах забіралі, – кажа вясковец.

Нягледзячы на адзіноту, Міхаіл Мікалаевіч не сумуе. Па-ранейшаму апрацоўвае свае 15 сотак, вырошчвае садавіну і гародніну. Аўталаўка забяспечвае ўсім неабходным, навіны – па тэлевізары. Пытаемся: ці няма жадання пераехаць да дачкі ў Гомель?

– Ні ў якім разе, – катэгарычна адмаўляецца ён. – Тут нарадзіўся, тут і век свой дажываць буду.

Сяргей ВОЛЬГІН

Фота Яўгена УСЦІНАВА