Хозяйства Добрушского района завершают уборку трав первого укоса

Гаспадаркі раёна завяршаюць уборку траў першага ўкосу. Убраны яны на пло­шчы больш як 8 тысяч гектараў. Асноўная стаўка – на нарыхтоўку сена. Надвор’е спрыяе аграрыям – у паветры амаль плюс 30 па Цэльсію. З вялікім запасам – больш за 120 працэнтаў ад задання нарыхтоўкі сена – забяспечылі аграрыі сельгаспрадпрыемства “Завідаўскае”, агракамбіната “Новы шлях” і некаторых іншых. Высокія тэмпы корманарыхтоўкі і ў Крупцы. Тут, напрыклад, статак атрымлівае зялёны корм ужо з другога ўкосу люцэрны.

Крупецкім аграрыям неабходна нарыхтаваць амаль 850 тон сена, каля 2500 тон сенажу, 19 тысяч тон сіласу.

– Механізаваны атрад спрацаваў на цвёрдую адзнаку “добра”, – адзначае выконваючая абавязкі галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Наталля Білотас. – Хлопцы не зважалі на выхадныя, колькі трэба – былі ў полі.

Як высветлілася, большасць механізатараў, якія працуюць у гаспадарцы, – з дынастыі сельгасвытворцаў. Працоўны стаж сям'і Аляксандра Кіслянка, да прыкладу, даўно пераўзышоў сотню гадоў. За працадні рабіла ў калгасе яго бабуля, у перадавіках сацыялістычнага спаборніцтва былі бацькі. У гаспадарцы працуе і жонка Аляксандра, і нават пенсіянерка цешча просіцца на зерняток. Свае рэкорды ёсць і ў Аляксандра. Сам ён за рулём трактара – з пачатку дзевяностых. Вось і сёлета спачатку працаваў на варушылцы, цяпер – на адвозцы сена.

У любы час года ёсць занятак і для Аляксандра Данчанкі. Летам – на нарыхтоўцы кармоў, узімку – на іх раздачы. Працоўны дзень механізатараў пачынаецца, ледзь высахне раса.

Узняўшы на “рогі” пагрузчыка чарговы рулон высушанага сена, Аляксандр “будуе” пірамідкі на прычэпе. За рэйс адвозіць па 11 рулонаў сена.

Прычэп механізатары, можна сказаць, удасканальвалі сваімі сіламі. На звычайным змяшчаецца толькі пяць рулонаў. А гэты добра служыць нам ужо некалькі год.

Два Аляксандры – не проста цёзкі – напарнікі. Нават у прафесію прыйшлі адным шляхам. Адзін спецыяльнасць вадзіцеля атрымаў у роднай школе на Брагіншчыне. Другі – з вадзіцельскім пасведчаннем скончыў Крупецкую школу.

– Без дапамогі цяжка было б, – заўважае Аляксандр Кіслянок. – Літаральна днямі ра­зарвала кола прычэпа, удваіх з таварышам даволі хутка справіліся. Не давялося нават на мехдвор трактар буксіраваць – замянілі кола прама ў полі.

Прырода ў чарговы раз нагадала, што мы – у зоне рызыкоўнага земляробства.

– Зацяглая вясна, імклівае пацяпленне і, нарэшце, засуха. Але змаглі, справіліся, – кажа Наталля Білотас. – Сакрэт любога поспеху – у строгім захаванні тэхналогіі.

Некалькі 170-тонных сціртаў сена ўжо гатовы да зімы. Вядзецца і нарыхтоўка сенажу. Але аграном заўважае: будзе спрыяльная магчымасць – да сена вернуцца ў жніўні.

Кармы ў сельгаспрадпрыемстве “Крупец”, як і ў большасці гаспадарак раёна, нарыхтоўваюць традыцыйным спосабам. Хоць і не ўтойваюць: мараць набыць сучасную тэхніку і пакаваць рулоны ў плёнку. А пакуль стараюцца бездакорна выкарыстаць апрабаваную тэхналогію. Па-новаму ў сельгаспрадпрыемстве падышлі да закладкі сенажу. Тры гноесховішчы пераабсталявалі пад сянажна-сіласныя траншэі. Першая ўжо закладзена.

– І адпавядае ўсім тэхналагічным і біялагічным нормам, – дадае кіраўнік сельгаспрадпрыемства Алена Мажанава. – Управіліся за тры дні. Чым хутчэй будзе закладзена траншэя, тым больш сакавітым і спажыўным будзе корм жывёле.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

На здымку: Аляксандр Данчанка і Аляксандр Кіслянок.

Фота Яўгена УСЦІНАВА