Двое гомельчан остались без дач в Добрушском районе

Рубрика:

Адразу два пожары адбыліся  ў адзін з мінулых выхадных дзён – 9 сакавіка – на тэрыторыі раёна.

Каля дзесяці раніцы дзяжурнаму цэнтра аператыўнага ўпраўлення райаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб узгаранні на тэрыторыі садова-агародніцкага таварыства “Зялёная дуброва”, што непадалёк ад вёскі Жгунская Буда. Да прыбыцця пажарных разлікаў агонь паспеў цалкам загаспадарыць унутры двухпавярховага блочнага дачнага будынка, у доме рвануў газавы балон. Аб падрабязнасцях таго, што адбывалася, распавёў “ДК” першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Міхаіл Лысоў:

– Гаспадар жылой пабудовы, 81-гадовы гамяльчанін Г., па яго словах, паспрабаваў сам тушыць агонь. Аднак, сіл і сродкаў для гэтага аказалася малавата. У час прыбыцця выратавальнікаў мужчына знаходзіўся на вуліцы. Пры аглядзе мужчыны медыкамі высветлілася, што прыблізна 10 працэнтаў яго цела, асабліва рукі і галава – ў апёках. Яго даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай райбальніцы. Тут у гамяльчаніна дадаткова дыягнастыраваны пашкоджанні тканак органаў дыхання. У мінулы панядзелак пенсіянер  накіраваны на лячэнне  ў апёкавае аддзяленне абласной медустановы.

У выніку пажару пашко-джаны сцены будынка і маёмасць. Прычыны ўзгарання ўстанаўліваюцца. Адна з версій  – выкарыстанне гаспадаром лёгкаўзгаральнай вадкасці пры распальванні печы.

Яшчэ адзін пажар адбыўся вечарам таго ж дня ў Іваках на вуліцы Першамайскай. Дом, дзе адбылося ўзгаранне, выкарыстоўваўся 49-гадовым непрацуючым гамяльчанінам пад дачу. Пажарныя хутка справіліся з агнём. Пры апытанні гаспадара, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, той расказаў, што з цыгарэтай каля 19 гадзін лёг у ложак.  Трагедыі, на шчасце, на гэты раз удалося пазбегнуць. Калі пачала гарэць пасцельная бялізна, мужчына прачнуўся і самастойна паспяшаўся пакінуць памяшканне.

Паводле інфармацыі Міхаіла Лысова, ні ў першым, ні ў другім выпадках жылыя будынкі не былі аснашчаны аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. А менавіта гэтыя прыборы маглі б саслужыць пацярпелым гаспадарам дамоў добрую службу.

Мікалай ЖДАНОВІЧ

Фота прадстаўлена райаддзелам па надзвычайных сітуацыях