Добрушскую передвижную библиотеку укомплектовали Дедом Морозом и Снегурочкой

Свайго бібліятэкара наведвальнікі бібліёбуса пазнаюць і ў чырвонай шубе з шыкоўнай барадой. У касцюме Дзеда Мароза са шчырай усмешкай і добрым настроем Наталля Курдэсава з калегай Кацярынай Бронавай сустракаюць наведвальнікаў бібліятэкі на колах.

Два разы на тыдзень яна выязджае па адным з сямі маршрутаў для аблугоўвання людзей у вёсках, дзе няма стацыянарных бібліятэк. Збіраючыся ў дарогу, бібліятэкар заўсёды ўлічвае літаратурныя прыхільнасці чытачоў, іх просьбы.

Жыхарам пасёлкаў Рассвет, Запрудоўка, Стараселле работнікі перасоўнай бібліятэкі першым падарылі асаблівы святочны настрой.

– Хочаце даведацца, якім будзе для вас наступны год? – пыталася ў чытачоў Снягурка, яна ж – Кацярына Бронава.

Чароўная рукавічка нашай зімовай прыгажуні карысталася попытам у вяскоўцаў. У ёй – добрыя, шчырыя прадказанні для любога ўзросту. “Я жадаю вам шанцавання, чакае ў сям’і папаўненне” – прачытала адна з наведвальніц. І заўважыла: наканаванне спраўдзілася, якраз сёння дачка з Цюмені прыляцела...

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота аўтара