Добрушский райком БРСМ подарил вышиванку новорожденной

Большую палову дня маленькая Кіра спіць. І не ўсведамляе, што стала гераіняй акцыі, якую праводзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі з нагоды Дня вышыванкі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Адзенне з беларускай сімволікай стала адным з першых падарункаў, якія атрымала маленькая жыхарка горада (на здымку). Спецыяліст райкама БРСМ Вольга Мельнікава заўважае: вышыванку падбірала навыраст.

– Выбар адзення сімвалічны. Арнаменты, якімі нашы продкі ўпрыгожвалі адзенне, не проста элементы дэкору, а своеасаблівы абярэг, – заўважыла прадстаўнік маладзёжнай арганізацыі.

На чырвонай кашулі Кіры – распаўсюджаныя сімвалы ўраджаю, сонца, абуджэння прыроды.

– Прыемна паўдзельнічаць у такой незвычайнай акцыі, – адзначыла маці немаўляці Вольга Сокарава. Некалі я сама была актыўнай удзельніцай маладзёжнага руху. У ліку прадстаўнікоў краіны ўдзельнічала ў маладзёжным форуме, што ладзіўся ля Манумента Дружбы, была ў камандзе КВЗ, ездзіла на турзлёты.

Цяпер маладой маме не да ўдзелу ў акцыях. Яе турботы звязаны з выхаваннем пяцігадовага Дзмітрыя і нованароджанай Кіры. Каб не разбудзіць маленькую віноўніцу ўрачыстасці, яе маці віншавалі шэптам...

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА