Добрушские работники культуры подготовили для местных ветеранов музыкальные "открытки" в рамках республиканской акции "Солдаты Победы"

Опубликовано чт, 07/05/2020 года - 15:10
Автор статьи

Патанаючы ў зеляніне дворык паміж драўлянымі двухпавярхоўкамі па вуліцы Чапаева ў райцэнтры напоўніўся гукамі гармоніка. З салона аўтаклуба выйшлі дзяўчаты і хлопцы ў армейскіх гімнасцёрках. Артысты раённага Палаца культуры – у чаканні адзінага гледача, дзеля якога і прыехалі.

– Якія вы прыгожыя! – расчулены Іван Уласенка на хаду папраўляе ўзнагароды на пінжаку. – Дзякуй, што не забываеце.

Салістка Карына Талкачова заспявала “Сінюю хустачку”, а Іван Емяльянавіч падпахіў любімую мелодыю. 

– Мы загадзя пацікавіліся, якую песню хочуць пачуць ветэраны, – раскрылі невялікі сакрэт арганізатары акцыі “Пісьмо ветэрану”. 

Работнікі Палаца культуры падрыхтавалі для кожнага з удзельнiкаў вайны віншавальны трохкутнік. Але ніякія словы не параўнаюцца з эмоцыямі, што выклікала выкананне песень, з якімі яны іші ў бой, адпачывалі на прывалах, сустракаліся з франтавымі сябрамі пасля вайны.  

Жыхар вуліцы Дружбы 93-гадовы Фёдар Васілеўскі нават пусціўся ў скокі ля брамкі ўласнага дома, калі акампаніятар Аляксандр Фуклеў узяў знаёмыя акорды. “День Победы, как он был от нас далек..” – гэтыя словы нагадалі ветэрану яго абпаленае вайной юнацтва. 

– З 14 год ён быў на фронце, дайшоў да Берліна, – расказала дачка вызваліцеля Ірына Жукава. – А спачатку – рамантаваў самалёты…

Памятны для ветэрана момант жанчына зняла на камеру планшэта. Каб падзяліцца падзеяй з унукамі, праўнукамі ветэрана, якія жывуць далёка ад Добруша.