"Добрушскі край" подвел итоги рекламной акции для подписчиков

Другі год запар абвешчаныя рэдакцыяй “ДК” рэкламныя акцыі выклікаюць у жыхароў раёна непадробны інтарэс. Гэта бачна і па павелічэнні колькасці яго ўдзельнікаў, і па каментарыях жыхароў Добрушчыны, якія абмяркоўваюць кожнае вызначэнне самых удачлівых. Газетчыкі, у сваю чаргу, стараюцца зрабіць працэс вызначэння пераможцаў як мага больш празрыстым. У гэтым годзе не толькі павялічылі колькасць членаў камісіі, але і крок за крокам здымалі ўвесь працэс вызначэння прызёраў рэкламнай акцыі на фота і відэа.

– Такія акцыі дазваляюць выданню захаваць сваіх пастаянных падпісчыкаў і прыдбаць новых сяброў, – расказаў прысутным галоўны рэдактар “Добруш­скага краю” Мікалай Ждановіч. – Калі ў другім паўгоддзі 2016 года падпісныя квітанцыі даслалі крыху больш за 90 жыхароў раёна, то сёлета ў спісе прэтэндэнтаў на прызы “ДК” ужо 203 прозвішчы паўгадавых падпісчыкаў. А калі ж палічыць агульную колькасць тых, хто не разменьваецца на дробязі і выпісвае раёнку адразу на 6 месяцаў, то гэтую лічбу можна смела памнажаць на два.

У камісію па вызначэнні фаварытаў рэкламнай акцыі людзей запрасілі невыпадковых. Як адзначыў кіраўнік рэдакцыі, кожны з іх зрабіў унёсак у папулярызацыю выдання. Так, напрыклад, член камісіі вадзіцель філіяла №10 “Гомельаблаўтатранса” Алег Кір’янаў ужо другі месяц раз’язджае па гарадскім маршруце на аўтобусе, упрыгожаным лагатыпам “Добрушскага краю”. Значна павялічылі колькасць падпісчыкаў у сваіх калектывах намеснікі кіраўнікоў “Добрушскага камунальніка” і сельгаспрадпрыемства “Завідаўскае” Ала Белкіна і Таццяна Шчучэнка. 10 год сябруе з раёнкай і з’яўляецца яе актыўным прапагандыстам медыцынская сястра раённай паліклінікі Наталля Алейнікава…

Старшыня камісіі Людміла Пугачова (дырэктар раённага Палаца культуры) у розыгрышы прызоў прымала ўдзел упершыню. Усяму здзіўля­лася: маўляў, і не думала, што ўсё настолькі сур’ёзна. Аднак да даручанай справы падышла з усёй адказнасцю. Праверыла некалькі паперак з нумаркамі і пера­мясціла іх ў лататрон. Працэс вызначэння шчасліў­чыкаў пачаўся.

– Вагі напольныя, – абвяшчае найменне прыза галоўны рэдактар, а намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Пятроўскі дастае з барабана першы нумарок. “177!” – абвяшчае ён.

Па спісе правяраем: удача ўсміхну­лася дабруша­ніну Сяргею Літвінаву. Далей усё ідзе як па масле: фен выйграў Аляксандр Зайцаў з Кармы, міксер – дабрушанін Вадзім Цырулік. Адметна, што яго нумарок выцягнула Ала Белкіна, а мужчына працуе ў «Добруш­скім каму­наль­ніку» майстрам цепласетак. Выхо­дзіць, мара намесніка дырэктара прадпрыемства сваёй рукой ашчаслівіць каго-небудзь “са сваіх” здзейснілася.

– А вось гэту падпісчыцу мы добра ведаем, – пачуўшы прозвішча ўладальніка электрычнага праса, заўважае Сяргей Пятроўскі. – Працуе Валянціна Шустава ў гарадскім дзіцячым садку №6 намес­нікам дырэктара.

Добра знаёмым газетчыкам і членам камісіі аказалася і прозвішча ўладальніка галоўнага прыза – пыласоса – Валянціны Быкавай з пасёлка Зайцава. Прызы скончыліся хутка, аднак барабан лататрона не спыніўся – камісія вызначала падпісчыкаў, якім дасталіся заахвочвальныя прызы. Уладальнікамі каробкі цукерак, кубка, блакнота і аўтаручкі з лагатыпам “ДК” сталі дабрушане Надзея Барадзіна, Валянціна Мельнікава і Ніна Ліхота.

За кубкам гарбаты члены камісіі – ганаровыя госці рэдакцыі – расказалі пра свае сувязі з раёнкай, абмерка­валі праекты газет­чыкаў і падзялі­ліся поспе­хамі сваіх трудавых калекты­ваў. Працэс вызначэння пера­мож­цаў рэкламнай акцыі ахарак­тарыза­валі коратка: было цікава. І па-чэснаму.

P.S.

Пера­мож­цы атрымаюць магчымасць сустрэцца з журналістамі “Добрушскага краю”, падзяліцца сваімі меркаваннямі наконт паляпшэння зместу раёнкі, прапанаваць цікавыя тэмы для распрацоўкі. У сераду,

24 студзеня, рэдакцыя запрашае іх у госці ў 10 гадзін.

Сяргей ЧАЙДАК

Фота Яўгена УСЦІНАВА