Добрушская гимназистка Александра Руденко примет участие в республиканском конкурсе белорусскоязычных чтецов

Рубрика:

Аляксандра  Рудэнка (на здымку) вучыцца ў восьмым гімназічным класе. Па яе прызнанні, марыць стаць урачом. Хаця, кажа, з маленства вельмі любіла чытаць беларускамоўныя кніжкі. Быкаў, Шамякін, Танк, Куляшоў…

– Сваёй прывязанасцю да роднага слова я вельмі ўдзячна маме Кацярыне Станіславаўне. Яна хоць і не настаўнік-мовавед, выкладае харэаграфію ў школе мастацтваў, але дома  часта чытала мне, трохгадовай, па-беларуску. Пазней – разам са мной. Адтуль, відаць, і пайшло маё трапяткое стаўленне да роднага слова…

У гімназіі такое здаровае памкненне дзяўчынкі да авалодання таямніцамі мовы ўсяляк заахвочваюць. Не толькі высокімі адзнакамі за веды. Асабліва зацікаўлена ў гэтым настаўніца-прадметнік Святлана Грыневіч. Вось і ў гэты раз, даведаўшыся пра рэспубліканскі конкурс чытальнікаў твораў беларускай літаратуры “Чытаем па-беларуску з Vеlcom”, параіла Аляксандры паўдзельнічаць. Праўда, улічваючы асабістую занятасць падрыхтоўкай алімпіяднікаў, папрасіла дапамагчы дзяўчыне ў падборы і “шліфоўцы” конкурснага матэрыялу сваю калегу Таццяну Мухіну. 

На першым этапе вучні 7-8 класаў з усіх куткоў краіны на працягу двух месяцаў запісвалі ўласныя відэа з дэкламаваннем твораў беларускай літаратуры і выкладвалі іх на старонкі ў сацыяльных сетках. Як паведаміла каардынатар праекта Таісія Пажогіна, аб’яднаны  ролік з 2048 дасланых відэа склаў больш як 45 гадзін. Па выніках першага этапу журы вызначыла па 30 лепшых чытальнікаў з кожнай вобласці і Мінска.

Другі этап – рэгіянальны –  праходзіў на базе СШ №11 Гомеля. Умовы для ўдзельнікаў  – ледзь не спартанскія: максімальна за дзве мінуты выступлення скарыць журы чыстым, выразным і эмацыянальным выкананнем празаічнага або паэтычнага ўрыўка. Фальш – не прахадны: у журы на чале са старшынёй пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім масцітыя спецыялісты ад адукацыі, тэлевядучыя, прадстаўнік кампаніі-суарганізатара конкурсу.

– Разам з Таццянай Віктараўнай для чытання выбралі апавяданне Івана Грамовіча “Воблакі”, – распавядае Аляксандра. – Разлік на прозу быў правільны:  большасць удзельнікаў зрабіла стаўку на вершаваныя творы. Канечне ж, хвалявалася. Не столькі за само дэкламаванне, колькі за тое, як буду пачуваць сябе на сцэне: выступаць адной раней не даводзілася. Дзякуй настаўніцы, якая мяне падтрымлівала ў час выступлення…

“О, як яны збіраюцца! Як плывуць і растаюць у сіняве! Не наглядзецца, не налюбавацца!.. Адкуль яны? Куды нясуцца?..” – эмацыянальнае чытанне добрушскай гімназісткі не магло пакінуць абыякавых сярод членаў журы.

– Я шчыра ўражаны талентам удзельнікаў конкурсу. Мяне захапіла іх веданне роднай мовы, іх імкненне да перамогі! – не хаваў захаплення старшыня журы.

Аляксандра Рудэнка ў выніку апынулася  ў пяцёрцы мацнейшых чытальнікаў беларускамоўных твораў Гомельшчыны. Узнагарода – сучасны смартфон. Наперадзе – фінальны этап. Адбудзецца ён у сталічным тэатры імя беларускага песняра Янкі Купалы

11 мая. Гімназістка і яе настаўнікі ўжо прыступілі да падрыхтоўкі будучай дэкламацыі.

– Аднакласнікі ж, разглядаючы падораны наварочаны ­гаджэт, па-добраму зайздросцяць майму поспеху, – распавядае Аляксандра. – Аб чым мару?! Хацелася б, каб і ў гімназіі, і на вуліцы была магчымасць што­дзень размаўляць на роднай мове…

Мікалай ЖДАНОВІЧ