Добрушанка Вера Мосина рассказала о военной молодости накануне своего 95-летия

Рубрика:

Вера Мосіна нарадзілася ў адзін з прыкметных дзён народнага календара, які яшчэ называюць “хлебаростам” ці пачаткам лета. Васямнаццаты дзень нараджэння 22 чэрвеня 1941 года змяніў яе лёс назаўсёды. Пакуты акупацыі, голад, горыч страт родных. За самаадданую працу яшчэ ў час вайны Вера Ягораўна атрымала медаль – адзнаку перажытага ў трагічныя для нашай гісторыі часы.

– Цяпер, калі мне мінула 95  год, стала многае забываць – столькі давялося перажыць, – адзначае жанчына.

Яна не памятае, якой па ліку была ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Усіх, гаворыць, было дзевяць дзяцей. Бацька працаваў у калгасе, маці расціла дзяцей. Жанчына заўважае: атрымала добрую для свайго часу адукацыю – скончыла чатыры класы вясковай школы.

– Многія і гэтага не мелі, бацькі і ўвогуле непісьменныя былі, – успамінае яна.

Іншых выгод цывілізацыі, адзначае суразмоўца, на яе малой радзіме ў вёсцы Букі Хвастовіцкага раёна Калужскай вобласці не было.

Незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Вера выйшла замуж. Шчасце маладой сям’і было нядоўгім – мужа з фронту не дачакалася. І гэта не адзіная страта, якую давялося перажыць.

Вера Ягораўна ніколі не была на фронце, пакуты акупацыі і адносін ворага да мірнага насельніцтва яна перажывала ў роднай вёсцы. З кастрычніка 1941 года раён быў акупіраваны. У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ўвайшоў і партызанскі атрад “У бой за Радзіму”, які дзейнічаў з першых дзён акупацыі.

Наша размова даецца жанчыне нялёгка. Час ад часу яна надоўга замаўкае. На ўспамін прыходзіць тое, што не жадае перажыць нікому. Як з хаты акупанты выводзілі на расстрэл яе старэйшую сястру. Дзяўчына засталася жывой, але немцы забілі яе нованароджанага сына. Або як пад покрывам ночы хавалі старэйшага брата. Не на могілках, а непадалёк ад месца, дзе яго забілі.

– Ён быў у партызанах. Забіраў прадукты і адносіў у лагер. Аднойчы прыйшоў, калі немцы яшчэ былі ў вёсцы, і патрапіў пад аблаву, – успамінае яна. – А хутка не стала і бацькі – не выжыў пасля бамбёжкі і ранення.

Лёс жыхароў Хва- стовіцкага раёна ў многім паўтарае тое, што давялося перажыць дабрушанам. Вёску Букі спалілі, як і большасць населеных пунктаў нашага краю. З таго галоднага жыцця яна прыгадвае рэцэпт хлеба з травяной або лісцевай мукі. Гэтыя стравы былі асновай рацыёну сялян.

–  Лісце сушылі і рабілі з яго муку. З яе пяклі хлеб – ліпнік. Ад яго заліпала ўсё ў грудзях. Але больш есці не было чаго, – успамінае ветэран. – Жылі ў шалашы, зямлянцы ў лесе. Галадалі. Вялікай радасцю для нас было ўбачыць калі не нашага салдата, то проста свайго чалавека.

Вызваленне адкрыла новую старонку ў яе жыцці. Шмат год жанчына працавала ў роднай гаспадарцы – касіла, арала, даіла.

– У калгасе пасля вайны не было ні тэхнікі, ні коней. Сена вазілі на валах. Кіраваць імі было нялёгка, – расказвае яна. – Цяпер людзі добра жывуць. Мы ж і да вайны бедна жылі, і пасля яе нацярпеліся.

Свой 95-гадовы юбілей жанчына не святкавала. Гаворыць, увогуле не памятае, што адзначала калі-небудзь дзень нара-джэння. Некалькі разоў у тыдзень да яе прыходзяць  самыя блізкія людзі – нявестка Любоў і сацработнік Аляксандра. Адзінае, аб чым шкадуе баба Вера, што не нарадзіла дачку, якая б заўсёды была побач...

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота аўтара