Добрушанин Федор Доманцевич рассказал о жизни в концлагере

Рубрика:

Статны сівавалосы мужчына не раз трапляў у аб’ектыў рэдакцыйнай камеры падчас святкавання Дня Перамогі. У парадным пінжаку з медалямі на грудзях ён звычайна ідзе ў калоне ветэранаў. Фёдар Даманцэвіч дзякуе лёсу за кожны пражыты дзень. Яго жыццё магло абарвацца ў любы дзень 1944 года, калі ён знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лагеры непадалёк ад Бабруйска.

Вайна не пашкадавала нікога з сям’і Даманцэвічаў. Бацьку параніла ў баях, усё жыццё ён хадзіў на мыліцах. Старэйшую сястру аднойчы пасадзілі ў закрытую машыну і павезлі ў невядомым напрамку. Пра лёс дзяўчыны даведаліся толькі пасля вайны. У лісце да родных яна напісала: знаходзілася ў лагеры “Бухенвальд”. Другая сястра падарвалася на міне. Фёдар Максімавіч разам з малодшым братам і бацькамі таксама трапіў у канцлагер. За калючым дротам, нацягнутым у некалькі радоў, пад прыцэлам зброі часавых яны стараліся выжыць.

– Аднойчы стараста нашай вёскі Стрэнькі, што на Рагачоўшчыне, загадаў узяць самае неабходнае і ісці на зборны пункт. Вяскоўцаў пасадзілі ў крытыя грузавыя аўтамабілі і павезлі. Апынуліся ў канцлагеры, што мясціўся сярод балот. Амаль усе рэчы пасля прыезду адабралі. Пакінулі толькі лыжкі і жалезныя міскі. Распальваць вогнішча забаранялася, – успамінае ветэран. – Людзей столькі, што літаральна прысесці не было дзе. Так і стаялі сярод вады: бацька абняў сасну, за яго трымалася маці, каб не ўпасці, а за яе спадніцу – мы з малодшым братам. Спалі стоячы.

У той час Фёдару Даманцэвічу было крыху больш за 10 год. Ён і сёння ў падрабязнасцях памятае лагернае жыццё.

– Раз у два дні прывозілі прадукты. Да машыны выстройвалася доўгая чарга. Аднак немец, які раздаваў хлеб, здаецца, не заўважаў гэтага, выкідваў буханкі ў натоўп людзей, – прыгадвае мужчына. – Каму пашчасціла злавіць – будзе сыты. Толькі той хлеб патрэбна было яшчэ зберагчы...

Па ўспамінах сведкі, паміралі не толькі ад недахопу ежы. На тэрыторыі лагера не было баракаў. Балоцістая мясцовасць, бруд і адсутнасць медыцынскай дапамогі зрабілі сваю справу: чалавечыя целы, гаворыць мужчына, складзіравалі штабелем...

Самым шчаслівым момантам ветэран называе вызваленне. У чэрвені 1944-га ў барацьбе за вызваленне Бабруйска ў яго наваколлі загінула шмат савецкіх салдат. Чатыры гады спатрэбілася савецкім салдатам, каб выгнаць ворага. Пасля вайны не раз ветэраны ішлі гэтым жа шляхам. Ад Беларускага вакзала да Берліна – суткі па чыгунцы. Удзельнікам “Цягніка сяброўства” ў саставе дэлегацыі ветэранаў у 1976 годзе на два тыдні адправіўся ў Германію і Фёдар Максімавіч.

– Ніколі не забуду тых часоў, – гаворыць ветэран. – Хаця і здаецца, што было тое нядаўна...

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота Яўгена УСЦІНАВА