Директор Гомельского государственного профессионального аграрно-технического лицея Григорий Кашунин рассказал о своих добрушских корнях и односельчанах

У народзе кажуць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся... Так думаюць і тыя, хто назаўсёды звязаў сваё жыццё з месцам, дзе рос, вучыўся, стварыў сям’ю. Але ёсць шмат людзей, якія гэтыя вёсачкі і гарады берагуць у сэрцы. Нават калі знаходзяцца за шмат кіламетраў ад мясцін, якія любоўна называюць малай радзімай. Дырэктар Гомельскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя Рыгор Кашунін у 30 год стаў кіраўніком. І ўзначальвае, як сам гаворыць, “самы сямейны, самы добры калектыў”. Рыгор Генадзьевіч вырас у вёсцы Леніна, што на Добрушчыне. Працаваў у мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Але сваё служэнне малой радзіме ўбачыў у іншым – рыхтуе спецыялістаў для сельскай гаспадаркі.

– Рыгор Генадзьевіч, што для Вас малая радзіма?

– Калі лічыць, што гэта месца, дзе нарадзіўся, то гэта Магаданская вобласць. Але самыя светлыя ўспаміны ў мяне звязаны з Добрушскім краем. У вёсцы Леніна прай­шло маё дзяцінства, тут спаткаў сваю жонку, з якой разам раслі і вучыліся. Сюды прыязджаю амаль кожныя выхадныя. І адчуваю сябе дома, хоць у пашпарце даўно гомельская прапіска.

– Вы пачыналі брыгадзірам у “Завідаўскім”. Чаму вырашылі пераехаць?

– Па адукацыі я – інжынер-механік. У гаспадарцы працаваў на вытворчай практыцы. Аднак, прызванне знайшоў на педагагічнай ніве. Сваю задачу бачу ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў. Хоць, прызнацца, для роднага краю наша ўстанова – не асноўны пастаўшчык спецыялістаў. Вялікая роля тут належыць добрушскаму ліцэю.

– Ці часта сустракаеце землякоў?

– Добрушскія карані – у нашага педагога сацыяльнага Кацярыны Балюновай. Штогод у спісах навучэнцы з Добрушскага раёна і вёскі Леніна – таксама. Рэгулярна накіроўваем выпускнікоў у мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. Трымаю сувязь з многімі кіраўнікамі гаспадарак. У ліку нядаўніх адрасоў размеркаванняў – сельгас-прадпрыемствы “Уцеўскае”, “Красная Буда”, “Баршчоўскі” і іншыя.

Нядаўна сустракалі асаблівых гасцей. Вучні Ленінскай школы прыязджалі на экскурсію ў ліцэй. Мы паказалі, як праходзяць заняткі, свае цяпліцы, яны займаюць каля гектара плошчы. Зацікавіў рабят і наш зімовы сад. Калекцыя раслін, сабраная тут, адна з лепшых у краіне, – больш за 800 відаў. Сёлета сабралі багаты ўраджай персікаў.

– У чым Вы бачыце сваю задачу як педагога?

– Данесці да моладзі, што перш чым патрабаваць ад іншых, патрэбна самому паказаць, на што здольны. Вось і ў свой водпуск працую. Яго адпачынкам назваць складана. Часта працаваў на корманарыхтоўцы. Крыўдна, што падчас моладзь хоча не працаваць, а зарабляць.

– Каго з землякоў успамінаеце часцей?

– Такіх людзей няшмат. Аднак іх урокі засвоіў назаўсёды. Напрыклад, былы старшыня сельгаспрадпрыемства, у якім я працаваў, Леанід Дзергачоў, навучыў давяраць падначаленым. А прыклад адданасці сваёй справе – мая школьная настаўніца рускай мовы і літаратуры Нона Антонаўна Грабянок.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота аўтара